Анастасія Булыбенка

У Магілёве апячаталі кватэру былой палітзняволенай Анастасіі Булыбенка

Кватэра засталася ёй у спадчыну ад бацькі, які прапаў без вестак.

У былой палітзняволенай, што адсядзела два гады калоніі па так званай “справе студэнтаў” Анастасіі Булыбенка апячаталі кватэру ў Магілёве – паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Кватэра – гэта адзінае, што засталося ёй ад бацькі, які знік без вестак у 2009 годзе.

У сваім каментарыі БАЖ дзяўчына распавяла, што не ведае дакладна, у які час і ў межах якой крымінальнай справы была апячатаная кватэра.

– Дакладная прычына, па якой апячаталі маю кватэру, мне невядомая. Можа быць, гэта з‑за працы ў БАЖ, але я не магу ведаць дакладна. Я ўдзячная БАЖ за тое, што мяне прынялі ў каманду практычна год таму: менавіта тады я мела вялікую патрэбу ў падтрымцы і даверы, якія і змагла там атрымаць. Я ганаруся сваёй працай і дакладна ведаю, што я не адна. Працуем далей. Працуем яшчэ больш і набліжаем перамены. – сказала Анастасія Булыбенка ў каментары БАЖ.

Акрамя БАЖ, дзяўчына актыўна супрацоўнічае з ініцыятывай «Вольныя паштоўкі», з Беларускай асацыяцыяй бізнэсаў за мяжой, месяц здымалася для сацсетак «Салідарнасці» – усе яны прызнаныя ці то «экстрэмісцкімі матэрыяламі», ці то «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Фота: prisoners.spring96.org