Спяшаючыся паспець да “Дажынак”, галоўную архітэктурную славутасць Клімавіч знішчылі цалкам, хоць гарадскія ўлады пераконвалі, што будзе поўнае аўтэнтычнае аднаўленне.
Сядзіба Мяшчэрскіх у Клімавічах – галоўная славутасць і перліна Клімавіч. Яна была пабудаваная па ініцыятыве князя Мікалая Мяшчэрскага, маршалка дваранства Мсціслаўскага павета, для сваёй дачкі Марыі ў 1867 годзе. Да рэвалюцыі гэты дом быў цэнтрам свецкага жыцця, пасля тут месціўся рэвалюцыйны камітэт, а ў нашы часы – раённы краязнаўчы музей. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 года № 578 будынак быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У пачатку 2020 года ў горадзе прайшло грамадскае абмеркаванне былой сядзібы Мяшчэрскіх. У выніку яго вырашылі цалкам разабраць і адбудаваць занава. «Праектам прадугледжваецца максімальнае захаванне аўтэнтычных дэкаратыўных элементаў, драўлянай ашалёўкі сцен, фурнітуры, агароджы ўсходаў (балязіны) з наступнай рэстаўрацыяй, аднаўленнем на ранейшае месца і аднаўленнем згубленых» – гаворыцца ў дакуменце.
Але калі паглядзець, якім чынам адбываецца так званая «рэканструкцыя», то пабачым, што да сядзібы Мяшчэрскіх ставяцца як да звычайнага драўлянага дома, а не як да помніка гісторыка-культурнай спадчыны – адзначае аглядальнік ініцыятывы “Будзьма” Хведар Прылёпаўскі. Будынак цалкам прыбралі (або лепш сказаць знеслі) ды пачалі будаваць новыя цагляныя падмуркі, матывуючы гэта зносам будаўнічых канструкцый на 80%.
Рэканструкцыя, як выявілася, робіцца толькі на паперы. Самі будаўнічыя працы пачаліся дзеля таго, каб паспець упарадкаваць горад да сёлетніх “Дажынак, што пройдуць у Клімавічах.
“Драўляная архітэктура – сапраўдны канструктар, які можна разабраць, перанесці або замяніць страчаныя дэталі пры неабходнасці. – адзначае Хведар Прылёпаўскі – І ў рэкаструкцыі дома-музея Мяшчэрскіх нібыта гэта і планавалася зрабіць. Але тое, што адбываецца ў выніку – гэта фактычна вандалізм пад дзяржаўным дахам. Распачаліся будаўнічыя работы не для таго, каб укласці высілкі ў захаванне як мага больш аўтэнтычных канструкцый, а для таго каб паспець усе зрабіць да адкрыцця «Дажынак»”.
Фота: “Будзьма”