На пасяджэнні было прынята рашэнне не рэкамендаваць да рэалізацыі праект двух новых 125-кватэрных дамоў.
Ушчыльненне жылой забудовы на вуліцы Фаціна ў Магілёве пачало абмяркоўвацца ў пачатку ліпеня 2024 года. Упраўленне архітэктуры Магілёўскага гарвыканкама вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пабудовы двух новых 18-павярховых дамоў на вуліцы Фаціна. Паводле плана, высоткі павінны былі з’явіцца ўнутры дваравой тэрыторыі і з боку вуліцы Цярохіна. У выніку і так ужо шчыльна забудаваны раён мог атрымаць дадатковую нагрузку на 250 кватэр, а зялёная зона вакол існуючых дамоў трапляла пад аўтамабільныя паркоўкі.
Паводле вынікаў грамадскага абмеркавання гэтых праектаў у горадабудаўнічым савеце Магілёўскага гарвыканкама, апублікаваным на афіцыйным сайце ведамства, абодва праекта было рэкамендавана не рэалізоўваць. “Канцэпцыю аб’ектаў рэкамендавана не прымаць да далейшай распрацоўкі” у сувязі з тым, што не вызначана мэтазгоднасць гэтага будаўніцтва, яго эканамічная эфектыўнасць, а таксама не ўлічаныя санітарна-гігіенічныя і экалагічныя ўмовы тэрыторыі.
Фота з адкрытых крыніц.