Лес пад Крычавам масава высякаецца – пад банерам “Беражыце лес”

У двух кіламетрах ад Крычава масава высякаюцца розныя ўчасткі суцэльнага ляснога покрыва. Ліквідуюцца наступствы леташняга бурана.
Каля вёскі Прудок, што знаходзіцца недалёка ад Крычава, знікаюць вялікія кавалкі лясной прасторы. На розных участках спіленага лесу можна ўбачыць шмат складзеных у адно месца пнёў, разнастайнага галля, сучча ды ламачча.

Паабапал дарог знаходзяцца шэраг мясцінаў, дзе ляжыць нарыхтаваная драўніна.

Фота mogilev.media

Навіны пабрацімаў. У Клайпедзе жыхары змусілі ўлады ўзяцца за ацэнку стану гарадскіх дрэваў

Жыхароў абурыла, што ў горадзе пачалі пазбаўляцца ад з выгляду здаровых дрэваў. Мэрыя наняла адмыслоўцаў, якія ацэняць стан раслін.

Да канца верасня спецыялісты з Універсітэту Вітаўта Вялікага даследуюць 140 дрэваў на гарадскіх вуліцах, у парках, скверах, якія могуць быць небяспечнымі для навакольнага асяроддзя і людзей. Аб’екты даследавання экспертам пакажа дэпартамент аховы навакольнага асяроддзя адміністрацыі гарадскога самакіравання Клайпеды, піша выданне Atviraklaipeda.

Такая паслуга адмыслоўцаў абыдзецца падаткаплатнікам у амаль 8000 еўра. З дапамогай акустычнага тамографа эксперты вызначыць распаўсюджванне гнілі і наяўнасць дуплаў на дрэвах, ацаніць трываласць іх кроны і ствала. Таксама дадуць рэкамендацыі па апрацоўцы раслінаў і іх догляду.

«Atvira Klaipėda» нагадвае, што муніцыпалітэт Клайпеды днямі вырашыў падлічыць і ацаніць дрэвы і ядлоўцы, якія растуць у горадзе. Ён закупляе паслугі па інвентарызацыі зялёных насаджэнняў і насаджэнняў, абнаўляе і дапаўняе сваю базу геададзеных. Разліковая працягласць такіх прац – 25 месяцаў.


Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.

фота: atviraklaipeda.lt

У цэнтры Магілёва пілуюць дрэвы. Гараджане не задаволеныя, але што рабіць – не ведаюць

Ад дрэваў пазбаўляюцца ўздоўж праезнай часткі вуліцы Піянерскай. Гэта адна з самых загружаных гарадскіх магістраляў цэнтры Магілёва. На ёй дазволены праезд транзітнага буйнатанажнага транспарту.

Як паведамілі Магілёў.media чытачы, з выгляду здаровыя дрэвы спілоўваюць і тут жа вывозяць. Працы вядуцца ў аўральным рэжыме. Камлі распілоўваюць на месцы, а галлё крышаць на шчапу. Работнікі адмаўляюцца гаварыць, чаму пазбаўляюць цэнтар гораду ад патрэбных яму раслін.

Па словах адной з незадаволеных гараджанак, у гарвыканкаме з такімі пытаннямі просяць звяртацца пісьмова. Яна кажа, што цяпер гэта рабіць небяспечна, бо “потым саму ніхто не абароніць”.