Ад 9 да 11 працэнтаў зменшыўся заробак у Хоцімскім, Магілёўскім і Касцюковіцкім раёнах

Зніжэнне рэальных заробкаў у Беларусі назіраецца з сёлетняга сакавіка. Пры гэтым у краіне ёсць раёны, дзе гэта зніжэнне найбольш дынамічнае, піша рэсурс Banki24.by.

Паводле яго, у Магілёўскай вобласці рэальны заробак у ліпені найбольш упаў у Хоцімскім, Магілёўскім і Касцюковіцкім раёнах. У Хоцімскім раёне ён знізіўся да аналагічнага перыяду 2021 году на 11,7%, у Магілёўскім – на 10,3%, у Касцюковіцкім – на 9,1%.

Падобная дынаміка назіраецца ў суседняй Віцебскай вобласці. Тут рэальны заробак у ліпені больш за ўсё ўпаў у Расонскім, Талачынскім і Докшыцкім раёнах. У Расонскім раёне ён знізіўся на 10,2%, у Талачынскім – на 9,3%, у Докшыцкім – на 8,5%.

Banki24.by адзначае, што рэальная зарплата за сакавік па краіне ўпала да супастаўнага месяца 2021 году на 0, 7%, за красавік – на 4, 5%, за май – на 5, 7%, за чэрвень – на 4, 2%, за ліпень – на 5,9 працэнта.

Такім чынам, канстатуе выданне, працэс зніжэння рэальных заробкаў у Беларусі доўжыцца ўжо 5 месяцаў. За гэты час рэальныя заробкі не раслі да аналагічнага леташняга перыяду ні ў адной вобласці. Таксама змяншэнне рэальнага заробку паказваў і Мінск.


Рэальная заработная плата – гэта колькасць тавараў і паслуг, якую можна набыць на намінальную заработную плату; па сутнасці гэта пакупніцкая здольнасць намінальнай заработнай платы.


Намінальная зарплата – гэта канкрэтная грашовая сума, якую атрымлівае работнік.


 

Магілёўшчына застаецца з найменшымі заробкамі ў краіне. Крыху статыстыкі

У ліпені намінальная налічаная сярэдняя заработная плата тутэйшых работнікаў склала – 1343,6 рубля. У параўнанні з чэрвенем яна вырасла на 16,2 рублі (1327,4 рублі). 

У маі ж заробак быў 1277,7 рублі і за месяц тады вырас на 49,7 рублі. 

Вынікі такой арыфметыкі падказваюць, што тэмпы росту зарплаты запавольваюцца. Нязначную надбаўку з’ядае інфляцыя. Гадавая інфляцыя за ліпень склала 18,1 працэнт, што на 0,5 працэнтаў больш, чым у чэрвені, калі гэты паказчык быў 17,5 працэнта.

Ацэньваючы намінальны сярэдні заробак варта ўлічваць, што яго памер падаецца да адлічэння 13 працэнтаў падаходнага падатку і іншых абавязковых выплатаў.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата па Беларусі ў ліпені 2022 года склала 1644 рублі. Гэта на 18,5 рублі больш, чым у чэрвені.

Найбольшы налічаны заробак да мінусавання падаткаў маюць працаўнікі сталіцы – 2265,7 рублі.

У Віцебскай вобласці, якая таксама ў заробкавых аўтсайдэрах, налічвалі працаўнікам зарплату большую, чым суседзям з Магілёўшчыны на 50,7 рублеў. Яны мелі – 1397,3 рублі.

фота: belmarket.by