Сквер і вуліца Кастуся Каліноўскага з’явіліся ў Кіеве

Ва Ўкраіне масава пазбаўляюцца расійскіх помнікаў і назваў. Парадаксальна,
але адначасова з’яўляюцца беларускія тапанімічныя знакі.

Ва ўкраінскіх гарадах поўным ходам ідзе дэрусіфікацыя тапанімічных назваў, а
помнікі расійскім дзеячам пераносяцца ў музеі. Толькі за апошнія 10 дзён былі
дэмантаваны помнікі Пушкіну, Кацярыне ІІ і два Суворавых. Ужо
перайменаваны сотні вуліц і завулкаў. Так украінскае грамадства адказвае на
агрэсію Расіі і ракетныя абстрэлы.

Напрыклад, кіеўскія ўлады перайменавалі больш за 40 вуліц, завулкаў і
плошчаў, назвы якіх звязаныя з Расіяй і савецкай мінуўшчынай. Адпаведныя
пастановы прыняла Кіеўская рада падчас пасяджэння 27 кастрычніка,
паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко – інфармуе «Украінская праўда».

Тым не менш, у такі час у Кіеве ў гонар беларускага героя Кастуся Каліноўскага
названа вуліца, а цяпер і сквер. Апошні знаходзіцца ў Дняпроўскім раёне на
скрыжаванні вуліцаў Гарадзенскай і Алмацінскай. Раней ён называўся
Старадарніцкі-1. Нагадаем, што ў кастрычніку ў Кіеве ў мясцовасці Старая
Дарніца з’явілася вуліца Кастуся Каліноўскага, якая раней называлася
Астраханскай.

Рашэнне ўславіць нацыянальнага героя беларусаў не было навязана
палітычнымі сіламі. За перайменаванне вуліцы Астраханскай у вуліцу
Каліноўскага прагаласавала большасць кіяўлян на гарадской інфармацыйнай
платформе. У выніку імёны, якія атрымалі найбольшую падтрымку жыхароў
Кіева, былі зацверджаны сесіяй гарадской рады Кіева.