«Палітыка Захаду». Прадстаўнік афіцыйнага прафсаюзу тлумачыць чаму Ўкраіна не вяртае Беларусі вагоны

Прафсаюзны функцыянер Дзмітры Швайба звязвае невяртанне вагонаў з «дужа дальняй палітыкай», каб ускладніць працу беларускіх прадпрыемстваў.

Ён вінаваціць Украіну ў тым, што яна задоўга да 24 лютага, чыніла перашкоды для вяртання ў Беларусь чыгуначнага рухомага саставу. Паводле яго гэта прывяло да «вялікіх праблемаў з кантэйнерамі, кантэйнеравозамі, суханасыпнымі вагонамі». Ён цвердзіць, што страты сягалі тысячаў вагонаў.

Дзмітрый Швайна – старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасці.

 

Падзеі ва Ўкраіне парушылі структуру паставак

У інтэрв’ю «Альфа Радио», якое падае газэта «СБ. Беларусь Сегодня», сітуацыю з беларускімі вагонамі ва Ўкраіне ён разглядае, як «дужа дальнюю палітыку (Захаду) у частцы ўскладнення працы нашых прадпрыемстваў».

«Мы цудоўна разумеем, што ў бліжэйшы час гэтыя вагоны нельга будзе забраць, – адзначае прафсаюзнік. – Ды і ці магчыма забраць іх у прынцыпе, на сённяшні дзень да канца незразумела».

Дмітрый Швайна, спасылаючыся на меркаванні ў экспертнай супольнасці, ацэньвае колькасць страчаных ва Ўкраіне вагонаў ад 5 да 17 тысяч. Гэта істотны ўдар для эканоміцы і лагістычным схемам, кажа ён. Па ягоных словах праблему збіраюцца вырашаць з дапамогай крэдытных рэсурсаў з Расіі.

Прадстаўнік афіцыйнага прафсаюзу настойвае, што падзеі ва Ўкраіне парушылі структуру паставак. Паводле яго некаторыя прадпрыемствы пастаўлялі да 75 працэнтаў сваёй прадукцыі на ўкраінскі рынак, а цяпер невядома, што з сябе ўяўляе.

У пададзеным газетай «СБ. Беларусь Сегодня» інтэрвʼю не зразумела, ці называў Дзмітрый Швайна, што за падзеі адбываюцца ва Ўкраіне. А, згадваючы 24 лютага ён не тлумачыць, што ў гэты дзень пачалася поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць суседняй краіны.

Украінскі бок настойвае: арыштаваны транспарт выкарыстоўваўся для забеспячэння лагістыкі «расійскіх войск». 

Як перадаюць украінскія мэдыі Украіна канфіскавала 51 цыстэрну-вагон з 3 тысячамі тон дызельнага паліва беларускага паходжання, а таксама былі арыштаваныя 158 грузавікоў і адзінак спецыяльнай тэхнікі з Беларусі. Па словах дырэктара Бюро эканамічнай бяспекі Украіны Вадзіма Мельніка кошт арыштаванай маёмасці Беларусі ацэньваецца ў 1 мільярд долараў ЗША.

Украінскі бок настойвае, што арыштаваны транспарт выкарыстоўваўся для забеспячэння лагістыкі «расійскіх войск». Паліва, якое знаходзілася ў цыстэрнах, перададзена ўкраінскай арміі.

фота: cfts.org.ua