Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Ілля Гольцаў, Аляксей Рэзнікаў, Анастасія Лазарэнка, Наталля Лашч і Дзмітрый Іванчанка.
Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітвязнямі, а іх крымінальны пераслед палітычна матываваным.
Ілля Верамееў
Асуджаны да 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Паводле праваабаронцаў нагодай для крымінальнага пераследу сталі паведамленні ў тэлеграм-каналах. Яго прызналі вінаватым у «замаху на арганізацыю масавых беспарадкаў» і «распальванне іншай сацыяльнай варожасці».
Справу разглядаў Гомельскі абласны суд. На працэсе старшыняваў суддзя Анатолій Сотнікаў.
Павел Варапай
Асуджаны да 3,5 гады калоніі і штрафу на больш як 20 тысяч рублёў.
Паводле праваабаронцаў яго прызналі вінаватым у «публічнай абразе Лукашэнкі, прадстаўнікоў улады, суддзі, паклёпе».
Праваабаронцы пішуць, што Варапай у тэлеграм-каналах пакідаў «абразлівыя» каментары не толькі на Лукашэнку, але яшчэ на Ярмошыну, Качанаву, Шведа, Макея і іншых чыноўнікаў.
Валянцін Музыкін
Асуджаны на 2 гады калоніі.
Праваабаронцы паведамляюць, што яго асудзілі за «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы», а таксама «абразу прадстаўніка ўлады».
На закрытым працэсе старшыняваў суддзя Гомельскага абласнога суда Іван Котаў.
Віктар Кулінка
Асуджаны да трох гадоў калоніі.
Яго звінавацілі ў перадачы аднаму з тэлеграм-каналаў фота расійскай вайсковай тэхнікі і асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», пішуць праваабаронцы.
Праваабарончай супольнасцю Кулінка прызнаны палітвязнем. Яго затрымалі 30 сакавіка і запісалі з ім «пакаяльнае відэа».
Паліна і Станіслаў Кабешавы
Мужа і жонку асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію («хатняй хіміі»).
Паводле праваабаронцаў іх вызвалілі ў залі суда, а ўтрымлівалі ў няволі чатыры месяцы.
Нагодай для крымінальнага пераследу Кабешавых стаў удзел у пратэстах 2020 году. Іх прызналі вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
Спачатку Кабешавых асудзілі па адміністрацыйнай справе і адправілі на «суткі», а потым перавялі ў сталічнае СІЗА-1 у межах крымінальнай справы.
Ігар Банцэр
Асуджаны на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
Паводле праваабаронцаў у судзе Цэнтральнага раёну Мінска адбыўся чарговы працэс над Ігарам Банцэрам. Яго абвінавацілі ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» і асудзілі яшчэ на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.
З улікам гэтага тэрміну Банцэр застанецца ў ізалятары як сама мала 45 дзён.
Ганна Тукава
Аштрафавана, але застаецца ў няволі.
Праваабаронцы пішуць, што Тукава правяла 1 верасня ў гімназіі №1 Наваполацку антываенную акцыю. Яе аштрафавалі, але на волю з ізалятару не выпусцілі. На яе складзены яшчэ адзін пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.
Праваабаронцы паведамляюць, што ў Тукава гадуе дзіця.
Уладзіслаў Рабіч
Трапіў пад пераслед.
Паводле праваабаронцаў мужчына з першай групай інваліднасці, які мае дыягназ ДЦП і выкарыстоўвае вазок, адрэагаваў у сацыяльнай сетцы на допіс пра Лукашэнку.
9 жніўня 2022 года ў дом, дзе знаходзіліся Рабіч і ягоны малодшы брат, уварваліся сілавікі. Пагражаючы яны змушалі яго, адрачыся ад каментару. Рабіч адмовіўся выконваць загад міліцыянтаў. Тыя ў адказ паабяцалі распачаць супраць яго крымінальную справу.
Судзіць Рабіча за абразу Лукашэнкі будуць 12 верасня на трэцім паверсе тэрытарыяльнага Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, дзе няма пандуса.