Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь запусціла акцыю “Марш Перамогі” – па дзевяці гарадах праедуць танкі Т-34-85, пабудаваныя пасля 1951 года ў Чэхаславакіі для Лаоса. Іх будуць выдаваць за бронетэхніку, што ўдзельнічала ў аперацыі “Багратыён”.
На маніпуліцыі з боку беларускага ваеннага ведамства звярнула ўвагу выданне zerkalo.io. Міністэрства абароны абвясціла пра патрыятычную акцыю “Марш Перамогі”, у межах якой па некалькіх населеных пунктах Беларусі праедуць танкі Т-34-85, падобныя на тыя, што ўдзельнічалі ў аперацыі “Багратыён” і вызвалялі Беларусь у 1944 годзе. Усяго дэманстрацыя ваеннай тэхнікі пройдзе ў 9 гарадах і пасёлках, якія атрымалі вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” – гэта Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея. Акцыя будзе праходзіць з 12 па 20 ліпеня.
Бронетэхніка, якую пакажуць на парадзе, прадстаўлена беларускаму ваеннаму ведамству расійскім Міністэрствам абароны. Раней яна прыбыла ў нашу краіну для ўдзелу ў парадзе на 3 ліпеня ў Мінску. Як высветлілі журналісты выдання zerkalo, гэтая тэхніка раней, у 2019 годзе, была выкупленая ў арміі Лаоса. А ў гэтую краіну танкі Т-34-85 былі прададзеныя Чэхаславакіяй, якая вырабляла іх па савецкай ліцэнзіі пасля 1951 года.
Лаоскія танкі маюць шэраг знешніх адрозненняў ад аналагічнай савецкай бронетэхнікі ўзору 1944 года. Напрыклад, гэта больш роўная і гладкая форма вежы, а таксама здвоеныя ліхтары ў левай частцы пярэдняй брані. Для параўнання – танк Т-34-85, што стаіць на пастаменце па праспекце Міра ў Магілёве.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і з адкрытых крыніц.