Марк (праваслаўны каляндар).
Дзень памяці аднаго з чацвярых евангелістаў, аўтара Евангелля ад Марка.
Марк-евангеліст уключаецца ў лік апосталаў ад сямідзесяці і атаясамліваецца з Маркам-Янам, вучнем апостала Пятра.
Яму прыпісваецца роля заснавальніка александрыйскай царквы, якая пазней стала адным з найважнейшых біскупскіх пасадаў.
Мошчы Марка былі ў 829 годзе вывезены з Александрыі ў Венецыю, дзе для іх быў пабудаваны Сабор Святога Марка. Святы Марк – апякун Венецыі. Сімвалам святога Марка з’яўляецца крылаты леў.
Сабор 70-ці апосталаў
Перад апошняй пропаведдзю ў Галілеі Гасподзь абраў 70 апосталаў, каб яны па двое пайшлі ў галілейскія гарады і падрыхтавалі іх да прыходу Хрыста. Місія 70-ці, у адрозненне ад служэння 12-ці апосталаў, была часовай. 70 апосталаў – гэта апосталы («веснікі») у самым агульным сэнсе.
1377 год. Рэзідэнцыяй Папы Рымскага становіцца Ватыкан.
Папа Рыгор XI разам з 13 кардыналамі ўрачыста ўехаў у Вечны горад. З 1309 па 1377 год цэнтрам Рымскай каталіцкай царквы быў Латэранскі палац у французскім Авіньёне. Французскія каралі ўплывалі на прадстаяцеляў. Гэты перыяд называюць “авіньёнскім паланеннем пап”.
У антычнасці тэрыторыя Ватыкана была не заселена, бо ў Старажытным Рыме гэтае месца лічылася святым. У 326 годзе, пасля прыходу хрысціянства, над магілай святога Пятра была ўзведзена базіліка Канстанціна і з таго часу гэтае месца стала засяляцца.
Папская дзяржава, якая ўтварылася ў сярэдзіне VIII стагоддзя, ахапіла большую частку Апенінскага паўвострава, але ў 1870 годзе была ліквідавана Італьянскім каралеўствам.
Ватыкан зараз – самы маленькі горад-дзяржава плошчай усяго 44 га. У сучасным выглядзе існуе з 11 лютага 1929 года на падставе заключаных урадам Беніта Мусаліні Латэранскіх пагадненняў. “Дзяржава ў дзяржаве” знаходзіцца ў Рыме на пагорку Монтэ-Ватыкана, мае свой сцяг, гімн, урад, Акадэмію навук, манету, паштовую сувязь, уласную газету і радыёстанцыю, войска, грамадзян – каля 1 000 святароў.
Над будынкамі Ватыкана працавалі вялікія архітэктары, скульптары, мастакі. Напрыклад, у будаўніцтве Сабора Святога Пятра, які можа змясціць 10 000 чалавек, удзельнічаў Мікеланджэла.
1732 год. Нарадзіўся Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Аўгуст IV.
Апошні кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі (1764-1795).
Вакол сябе згуртаваў магнатаў і шляхту, якія прагнулі адраджэння дзяржавы.
Праводзіў эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, наладжваліся кірмашы, падтрымліваўся гандаль.
Вальны сойм прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. Нязгодная каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена ў 1771 годзе расійскімі войскамі.
Пасля першага падзелу краіны ў 1772 годзе рэформы працягваліся – была прынята Канстытуцыя, створана Адукацыйная камісія.
24 сакавіка 1794 года пачалося патрыятычнае паўстанне пад кіраўніцівам Т. Касцюшкі, у выніку падаўлення якога ў 1795 года адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, якая з гэтага часу спыніла існаванне.
Станіслаў Аўгуст выракся стальца. Памёр у 1798 годзе ў Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны.
У 1938 годзе быў перанесены на радзіму ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, у 1994 – у варшаўскі кафедральны касцёл.
1773 год. Джэймс Кук перасёк Паўднёвы палярны круг.
Да брытанскіх караблёў “Рэзалюшн” і “Эдвенчур” гэтага не рабіла ніводнае судна. Кук меў мэту знайсці Вялікі Паўднёвы кантынент. З ім было нямала навукоўцаў, якія пасля ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне і даследаванне паўднёвых шырот.
Кук праплыў праз Паўднёвы палярны круг, але з-за льдоў яму прыйшлося вярнуцца назад. Ён нанёс на карту шэраг невядомых астравоў на поўдні Ціхага акіяна, такіх як Новая Каледонія, Сандвічавы астравы, Паўднёвая Георгія і Норфалк. Назіранні і падрабязныя справаздачы вялікага даследніка сталі асновай для шматлікіх экспедыцый.
1904 год. Нарадзіўся Аляксандр Якімовіч.
Беларускі дзіцячы пісьменнік. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча», «Бярозка», Дзяржаўным выдавецтве, быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Аўтар вершаў, кніг вершаў. Пісаў пераважна для дзяцей: аўтар 25 кніг, зборнікаў апавяданняў, аповесцей, казак.
У яго апрацоўцы выйшла шмат беларускіх казак як асобнымі выданнямі, так і зборнікамі.
Суаўтар «Чытанкі» для 2-га класа, аўтар падручніка для 2-га класа «Роднае слова», кніг для чытання «Слухай – запамінай: Азбука ў вершах і малюнках», «Звяры нашых лясоў».
Пераклаў на беларускую мову асобныя творы рускіх, украінскіх, еўрапейскіх аўтараў.
Памёр 15 студзеня 1979 года.
1917 год. У в. Шчаглоўка Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Антон Бархаткоў.
Беларускі савецкі мастак-жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні першай выстаўкі беларускага мастацтва ў Маскве, прысвечанай 25-годдзю ўтварэння БССР, у арганізацыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР.
Вучань і прадаўжальнік традыцый В. Бялыніцкага-Бірулі. Сыны А. Бархаткова – Вітольд (у гонар Бялыніцкага-Бірулі) і Ігар – таксама сталі прафесійнымі мастакамі-рэалістамі.
Аўтар шырокавядомых карцін «Партрэт В. Бялыніцкага-Бірулі», «Ганачак», «Першая песенька», «Вясна на Нёмане», «Любімыя дубы Якуба Коласа. Мікалаеўшчына» і шматлікіх іншых. Удзельнік выставак у СССР, Бельгіі, Італіі, Нідэрландах.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музеях Магілёва, Гродна, Гомеля, Бялынічаў, Касцюковічаў, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і іншых.
Памёр 24 сакавіка 2001 года ў Мінску.
1921 год. Памёр Аляксандр Астрамовіч.
Беларускі каталіцкі святар, паэт Андрэй Зязюля.
Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу, далучыўся да беларускай нацыянальнай ідэі. Служыў ксяндзом у розных мястэчках. Выступаў за беларусізацыю касцёла.
Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці.
Аўтар вершаў для газет «Наша ніва», «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё», зборніка паэзіі, паэм, вершаванага апавядання.
Творчасць паэта прасякнута хрысціянскім светапоглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэння Беларусі, вера ў яе лепшую будучыню.
Аўтар беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…».
Збіраў народныя песні, якія разам з запісамі А. Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песні з нотамі» (1912).
1926 год. Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі распачаўся ў Менску.
Працаваў 17—18 студзеня.
Удзельнічала каля 60 дэлегатаў і гасцей. Было заслухана 12 дакладаў і паведамленняў, у тым ліку А. Ляўданскага «Некаторыя дадзеныя аб гарадзішчах Смаленскай губерні», Дз. Даўгялы «Літоўская метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі», М. Доўнар-Запольскага «Старыя беларускія архівы за межамі БССР», М. Мялешкі «Архіўныя справы ў БССР да сучаснага моманту», А. Спіцына «Аб сучасным стане беларускай археалогіі».
З’езд канстатаваў незадавальняючы стан старажытных помнікаў Беларусі, якія не ахоўваюцца, самавольна раскопваюцца, раскрадаюцца. Было вырашана падрыхтаваць спецыяльны законапраект аб старажытных помніках гісторыі і мастацтва.
З’езд звярнуў увагу Інбелкульта на неабходнасць звярнуцца да ўрада рэспублікі, каб вярнуць на Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай семінарыі, вывезеныя ў Кіеў, бібліятэку М. Каладзеева па беларусазнаўству і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гістарычным музеі.
Фота: А. Ляўданскі
1939 год. Пачаўся Трэці Усесаюзны перапіс насельніцтва СССР.
Праводзіўся з 17 па 23 студзеня замест Перапісу 1937 года, вынікі якога былі прызнаны “дэфектнымі”. Колькасць насельніцтва СССР склала 170,6 мільёнаў чалавек, у Беларусі – 8 891,2 тысяч чалавек, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці – 1 400 тысяч. Насельніцтва па гарадах (тысяч чалавек):
Мінск – 238,7, Віцебск – 167,4, Гомель – 139,3, Полацк – 29,6,
Асіповічы – 13,7,
Бялынічы – 3,0,
Бабруйск – 84,1,
Быхаў – 11,9,
Глуск – 5,1,
Горкі – 12,5,
Дрыбін – 1,2,
Касцюковічы – 6,1,
Кіраўск – 2,0,
Клімавічы – 9,6,
Клічаў – 3,0,
Краснаполле – 3,6,
Круглае – 1,7,
Крычаў – 16,0,
Магілёў – 99,4,
Мсціслаў – 10,5,
Прапойск– 4,7,
Хоцімск – 4,0,
Чавусы – 7,2,
Чэрыкаў – 6,4,
Шклоў – 8,1.
Вясной 1939 года Магілёў стаў «стотысячнікам». Паводле планаў переноса сталіцы з Мінска ў Магілёў, планавалася, што горад да 1950 года дасягне насельніцтва 250 тысяч чалавек, а па прагнозах на 1970 год – 500 тысяч.
1964 год. Нарадзіўся Андрэй Федарэнка.
Беларускі пісьменнік, празаік.
Працаваў рабочым, у газетах «7 дней», «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», часопісах «Полымя», «Маладосць», «Дзеяслоў». Аўтар аповесцей, аповесці-фантасмагорыі, п’ес, раманаў, публіцыстычных артыкулаў і іншых прац, 12 кніг.
Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць.
Перакладчык з беларускай мовы на рускую. Асобныя яго творы былі перакладзены на рускую, англійскую і іншыя мовы.
1971 год. Адкрыўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр.
Адзін з двух беларускіх музычных тэатраў разам з Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі.
Адкрыўся спектаклем “Пяе «Жаўранак»” кампазітара Ю. Семянякі. У тэатры пастаўлена больш 100 спектакляў.
Будынак тэатра быў пабудаваны ў ліпені 1981 года.
2004 год. Памёр ураджэнец в. Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Чэслаў Немен (Выдрыцкі).
Польскі музыка.
Вучыўся ў музыкальным педвучылішчы ў Гродна. У 1962 годзе стаў удзельнікам культавага ансамбля «Niebiesko-Czarni». Псеўданім Немен – у гонар ракі Нёман.
Шырокае прызнанне прыйшло ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую версію яго песні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?».
У Парыжы выступаў разам з такімі знакамітасцямі як “Spencer Davis Group”, “Kinks” і “Pretty Things”.
З 1967 года пачаў уласную кар’еру, сабраўшы групу «Akwarele» з якой у Сопаце зрабіў сенсацыю з песняй “Dziwny est ten swiat”. З «Акварэлямі» запісаў тры альбомы, правёў серыю тураў і прыняў удзел у шэрагу фестываляў.
Са сваёй чарговай камандай “Niemen” шмат гастраляваў па Еўропе, СССР, стаў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх Гульняў у Мюнхене. Запісаў 22 альбомы.
Пахаваны на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве. Калі пачалося пахаванне, з ініцыятывы Радыётройкі, на ўсіх радыёстанцыях Польшчы загучала найбольш вядомая песня з яго рэпертуару «Дзіўны гэты свет».
У Гродна ўсталявана мемарыяльная дошка, у Старых Васілішках працуе дом-музей Немена, у Польшчы чаканіліся манеты з яго выявай (круглая, квадратная) ў 2 злоты, праводзіцца штогадовы Нацыянальны фестываль маладых талентаў “Немен нон-стоп” у Слупску.
2018 год. Памёр Уладзімір Улашчык.
Беларускі вучоны-медык, фізіятэрапеўт. Міністр аховы здароўя (1986-1990), дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі. Акадэмік, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Аўтар больш за 150 вынаходак і аўтарскіх сведчанняў, двух навуковых адкрыццяў. Ім і з яго ўдзелам распрацаваны і ўкаранёны ў вытворчасць каля 50 фізіятэрапеўтычных апаратаў.
Апублікаваў больш за 800 навуковых прац, у тым ліку 50 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў. Унёс значны ўклад у развіццё айчыннай фізіятэрапіі і курорталогіі.
Падрыхтаваў больш за 70 дактароў і кандыдатаў навук.