Далёка не ва ўсіх жыхароў раённых цэнтраў Магілёўшчыны, а тым больш вяскоўцаў, ёсць магчымасць наведаць з дзецьмі рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы.
Пагэтаму ў некаторых раёнах вырашылі зрабіць часовыя рэзідэнцыі для таго, каб падарыць дзеткам святочны і добры настрой напярэдадні і падчас калядных святаў. Натуральна, што дабрацца да такой сядзібы Дзеда Мароза, не выязджаючы за межы раёна, значна прасцей.
Зусім нядаўна пачала прымаць маленькіх гасцей сядзіба Дзеда Мароза “Лясная казка” ў вёсцы Гусарка Клімавіцкага раёна. Адкрылася сядзіба казачнага персанажа тэатралізаваным прадстаўленнем “Грынч – выкрадальнік Новага года”, якое было паказана першым наведвальнікам рэзідэнцыі: выхаванцам дзіцячага садка “Сонейка” і навучэнцам пачатковых класаў раённай гімназіі. Тэатральныя прадстаўленні, якія ладзяцца Клімавіцкім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, будуць праводзіцца да Новага года. Плануецца, што ў гасцях у мясцовага Дзеда Мароза пабудуць каля 400 хлопчыкаў і дзяўчынак з усяго Клімавіцкага раёна.
Яшчэ адна рэзідэнцыя Дзеда Мароза з’явілася ў Дрыбінскім раёне. Размясцілася яна побач з Грамячай крыніцай каля аграгарадка Расна. На тэрыторыі рэзідэнцыі ёсць домік для прыёму гасцей, ёлка, якая ўпрыгожана гірляндамі і мішурой. Хлопчыкаў і дзяўчынак на ёй сустракаюць казачныя персанажы, якія дзякуючы фантазіі арганізатараў – супрацоўнікаў культуры і адукацыі – ствараюць дзеткам атмасферу сапраўднага свята.
Маленькія наведвальнікі разам са сваімі бацькамі могуць паўдзельнічаць ў займальных інтэрактыўных гульнях, здзейсніць падарожжа па рэзідэнцыі, а самыя смелыя могуць адправіць пісьмо са сваімі запаветнымі марамі галоўнаму Дзеду Марозу краіны.
Фота: litmap.ru, dribin.by