У Клімавічах плануюць перанос помніка Леніну, грамадскасць запрасілі выказацца

Рыхтуючыся да абласных “Дажынак”, кіраўніцтва Клімавіцкага раёна запланавала рэканструкцыю плошчы перад цэнтрам культуры. Сама плошча будзе павялічаная, на ёй пройдуць асноўныя мерапрыемствы сельскагарпадарчага фестывалю. З гэтай прычыны кіраўніцтва райвыканкама выступіла з ініцыятывай абмеркаваць перанос помніка Леніну, які зараз размяшчаецца перад раённым цэнтрам культуры на вуліцы Савецкай – у самым цэнтры горада.

 Жыхароў Клімавіцкага раёна запрасілі выказацца з нагоды пераноса помніка, у тым ліку і наконт месца яго далейшай устаноўкі. Правілы падачы пісьмовага звароту можна прачытаць тут.

Зараз жа кіраўніцтва Клімавіцкага раёна прыгледзела для Леніна пляцоўку насупраць райвыканкама, на Плошчы 50-годдзя Вялікага Кастрычніка. Гэта крыху ўбаку ад цэнтра горада і ад ажыўленай Савецкай вуліцы.

Фота з адкрытых крыніц

Пенсіянеры, чыноўнікі, БРСМ-аўцы і міліцыя – як у Крычаве адзначылі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі

Іканаграфію аднаго асобна ўзятага панылага свята глядзіце ў нашым матэрыяле.

7 лістапада па Магілёўшчыне пракаціліся туманныя мітынгі з нагоды 105-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. У абласным цэнтры і раённых гарадах мерапрыемствы праводзіліся па адных лекалах. Бібліятэчны альбо музейны занятак напярэдадні і мітынг з ускладаннем кветак да помніка Леніна ў дзень афіцыйнага свята. Адны і тыя ж твары на ўсіх мерапрыемствах, панылыя і абыякавыя выразы на абліччах маладых удзельнікаў мітынгаў становяцца характэрнай рысай афіцыйнага свята, якому ўсё менш і менш павагі ў калектыўнай гістарычнай памяці беларускага народа.

2 лістапада ў гістарычным музеі Крычава адбылося мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. Супрацоўнікі гістарычнага музея нагадалі ўдзельнікам мерапрыемства аб крычаўлянах, што ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях 1917 года. Дэманстравалі таксама экспанаты музея, якія адносяцца да часу тых далёкіх падзей. У сценах параднай залы, дзе адбывалася тэматычнае мерапрыемства, немшматлікай публіцы былі прадстаўлены перанасныя стэнды з загалоўкам “Великая Октябрьская революция 1917 г”. Разынкай мерапрыемства сталіся песні рэвалюцыйнай тэматыкі і творчасць Міхаіла Сыча адпаведнага зместу. Актыўным удзельнікам мерапрыемства стала старшыня раённага Савета ветэранаў Зінаіна Скачкова.

7 лістапада ў горадзе быў праведзены маленькі мітынг, прысвечаны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён праходзіў каля помніка Леніну ў скверы гістарычнай памяці. На мерапрыемства сагналі моладзь і прадстаўнікоў працоўных калектываў. Кіраўніцтва раёна прадстаўляў Вадзім Рыськоў – начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама. “Хэдлайнерам” мітынга зноў стала адданая мясцовая камуністка Зінаіда Скачкова. 

Увесь электаральны патэнцыял падобных мерапрыемстваў добра бачны па ўдзельніках дзейства. Супрацоўнікі сілавых структур, БРСМ-аўцы, ветэраны працы, якія вызнаюць камуністычныя ідэі. І гэта выразна адлюстроўвае адсутнасць шырокай грамадскай павагі да гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, што прынесла народам колішняй Расійскай імперыі не свабоду, а новы прыгнёт. Для большасці насельніцтва 7 лістапада – проста чарговы выхадны дзень. А яшчэ гэта дзень каб задумацца над прыродай рэжыма, што пануе ў грамадстве.


Цытата дня, ад рэдакцыі

 “Такія рэжымы, як камуністычны, здаюцца мне асабліва жудаснымі, паколькі дыктатуру там устанаўлівалі ў імя вызвалення” Д. Шарп