Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, медыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Вольга Манкевіч
Затрыманая.
Паводле праваабаронцаў, Манкевіч жыве за мяжою і перыядычна наведвае Беларусь. Яе схапілі на вакзале Баранавічаў яшчэ 22 жніўня, калі яна ў чарговы раз прыехала ў адведкі радзімы.
На відэа, паказанае дзяржаўнымі каналамі, Манкевіч кажа, што ў жніўні 2020 года палічыла выбары сфальсіфікаванымі. Рабіла каментары ў сацыяльных сетках і выкладвала публікацыі на сваёй старонцы. За гэта яе і затрымалі.
Са словаў Манкевіч, ёй выстаўленае абвінавачванне ў «абразе Лукашэнкі».
Эма Сцепулёнак
Змененая мера стрымання на хатні арышт.
Праваабаронцы паведамляюць, што Сцепулёнак застаецца палітзняволенай, бо абвінавачванне з яе не знятае.
68-гадовую былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эму Сцепулёнак затрымалі 29 верасня 2021 года за каментар у сацыяльных сетках па «справе Зельцара». Яе вінавацяць у «абразе прадстаўніка ўлады» і «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці розніцы».
Юлія Мудрэўская
19 верасня пачынаецца суд.
Паводле праваабаронцаў, галоўную рэдактарку парталу ABW.by вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года. Яе схапілі тры месяцы таму.
Працэс мае адбыцца ў судзе Фрунзенскага раёну Мінска пад старшынствам суддзі Алены Бушавай.