У Касцюковічах знайшлі небяспечны кетчуп з Расіі

У Касцюковічах санітарныя службы выявілі парушэнні ў складзе кетчупу, які прадаваўся ў краме «Мегаопт». Гаворка пра расійскую прадукцыю — кетчуп «Чылі» пад гандлёвай маркай Astoria.

Як паведамілі ў Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, лабараторныя даследаванні паказалі наяўнасць у кетчупе серністай кіслаты — кансерванта, які не быў пазначаны на ўпакоўцы. Гэтае рэчыва можа выклікаць парушэнні стрававання і праблемы з дыханнем пры частым ужыванні.

Небяспечны прадукт быў выраблены Ніжагародскім алейна-тлушчавым камбінатам, а ў Беларусь кетчуп імпартавала ТАА «Главмолснаб» (г. Магілёў).

Праверку праводзіў Касцюковіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Зараз працягваецца збор матэрыялаў, пасля чаго будзе прынята рашэнне аб магчымым прыцягненні вінаватых асоб да адміністрацыйнай адказнасці.

Нагааем, два гады таму, у чэрвені 2023 года, у Магілёўскай вобласці Дзяржстандарт канфіскаваў з продажу кетчуп з павышаным утрыманнем харчовых дабавак. Небяспечны для здароўя пакупнікоў шашлычны кетчуп расійскай вытворчасці прадавала адно з прыватных гандлёвых прадпрыемстваў. У складзе кетчупа выяўлена павышанае ўтрыманне кансервантаў — сарбінавай кіслаты і сарбатаў у спалучэнні з бензавай кіслатой і бензатамі.

Фота: wildberries.ru