З’явілася петыцыя ў абарону знакамітай бабруйскай мазаікі

Як выявілася, чыноўнікі не ведаюць, што закон забараняе яе знішчаць.

Яшчэ ў пачатку 2023 года стала вядома, што першая бабруйская мазаіка аўтарства Сямёна Абрамава знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. У лістападзе пачалася рэканструкцыя хірургічнага корпуса больніцы імя У.Марзона, на якой размешчана мазаічнае пано, і ў СМІ паявілася інфармацыя, што манументальны твор мастацтва збіраюцца знішчыць – пісалі mogilev.media.

У сродках масавай інфармацыі з’явілася таксама тлумачэнне гэтага рашэння ад бабруйскіх чыноўнікаў. Так, прадстаўнік УКС горада Бабруйска заявіў, што мазаічнае палатно не ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму будзе дэмантавана разам з будынкам. 

На тэлеграм-канале “Спадчына” адзначылі, што ў дадзеным выпадку бабруйскія чыноўнікі не разабраліся з нюансамі беларускага заканадаўства. Справа ў тым, што творы манументальнага мастацтва, да якіх адносіцца і мазаічнае пано, рэгулююцца не палажэннямі аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а зусім іншымі нарматыўнымі актамі. Гэта Палажэнне аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372.

Паводле дадзенага акта, цытуем “Прыняцце рашэння аб стварэнні (рэканструкцыі) манументальнай скульптуры (незалежна ад крыніц фінансавання) і (або) іншага твора мастацтва (за кошт або з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў) ажыццяўляецца пасля атрымання станоўчага заключэння Міністэрства культуры аб стварэнні (рэканструкцыі) твора мастацтва.”

Днямі стала вядома, што на сайце Petitions.by грамадскія актывісты размясцілі петыцыю ў абарону мазаікі. У ёй змяшчаецца просьба адказаць на шэраг пытанняў –, ці давала Міністэрства культуры Беларусі бабруйскім выканаўчым органам дазвол на знішчэнне мазаікі, ці прайшло рашэнне пра лёс манументальнага твора ўсе абумоўленыя заканадаўствам працэдуры. 

“Калі не, – гаворыцца ў петыцыі – то просім прыняць меры па недапушчэнні парушэння заканадаўства і паспрыяць захаванню мазаікі праз рэканструкцыю, якая прадугледжвае перанос твора мастацтва на іншае месца, або ў музейныя фонды. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае знішчэнне твораў мастацтва, бо гэта пра прамым вызначэнні з’яўляецца варварствам. Варварству не месца ў Бабруйску!”

Збор подпісаў пад петыцыяй будзе праходзіць да 22 лістапада. Падпісаць яе можна тут.

Фота: bobr.by

Пачалася рэканструкцыя галоўнай бальніцы Бабруйска, знакамітую мазаіку на ёй – знішчаць

З будынка бабруйскай бальніцы імя У. Марзона ўжо выселілі ўсіх пацыентаў, будынак рыхтуюць да зносу – паведамляе bobr.by. На месцы старога чатырохпавярховага корпуса бальніцы плануецца пабудаваць новы, шасціпавярховы.  Разам са старым корпусам “марзонаўкі” знікне і самы пазнавальны бабруйскі арт-аб’ект – першая ў горадзе мазаіка, створаная мясцовым мастаком Сямёнам Абрамавым у 1968 годзе.

Галоўны герой на мазаічным пано – чалавек у медыцынскай масцы, які стаіць на варце грамадскага здароўя. Як толькі стала вядома аб зносе будынка, аўтар мазаікі выказаўся за захаванне свайго твора і нават прапанаваў варыянты. Але, відаць, да яго не прыслухаліся. Мазаіку разбяруць разам са сцяной, якую яна ўпрыгожвае.

Пра пагрозу знішчэння знакавага для Бабруйска арт-аб’екта mogilev.media пісалі яшчэ ў лютым гэтага года.

Вось як каментуюць чытачы рэсурса bobr.by навіну пра страту пано:

– Шкада, што знікне мазаічнае пано. Памятаю яго яшчэ з дзяцінства. І хоць гэты доктар у масцы з сэрцам у руках мне здаваўся далёка не самым добрым, усё ж аб’ект вядомы. У кожнага мастака сваё бачанне… Маглі б знайсці варыянты для захавання. Шкада, што горад губляе сваю самабытнасць і ўсё паступова зліваецца няхай і ў сучасна-адрамантаваную, але шэрую масу…

Фота: bobr.by

Першая бабруйская мазаіка пад пагрозай знішчэння

Мазаіка на хірургічным корпусе лякарні імя У. Марзона ў Бабруйску, якую ў 1968 годзе стварыў мясцовы мастак Сямён Абрамаў, можа быць знішчаная, паколькі сам корпус запланавана знесці.

На месцы старога хірургічнага корпуса лякарні запланавана будаўніцтва новага. Знос будынка найхутчэй прывядзе і да разбурэння самай першай мазаікі, што паявілася ў Бабруйску. Аўтар твору, мастак Сямён Абрамаў у сваім інтэрв’ю выданню 1387.by быў філасафічным:

– Гэта знак нашага часу. Напрыклад, у Маскве некалі была гасцініца «Расія», я там спыняўся не раз. У ёй было шмат мастацкіх твораў – мазаік, вітражоў. Усё знеслі. Гэтак жа і ў нас. Ні на што не глядзяць.

Праз 55 год – у выдатным стане

Мазаіку для бабруйскай лякарні хуткай дапамогі Сямён Абрамаў стварыў у 1968 годзе. Працаваў над ёю ў адзіночку. Яна дагэтуль, і праз 55 гадоў знаходзіцца ў выдатным стане.

Пра будаўніцтва новага корпуса экстраннай хірургіі на тэрыторыі Бабруйскай гарадской лякарні хуткай дапамогі імя У.Марзона распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў.

Новы будынак размесціцца на месцы старога чатырохпавярховага хiрурiчнага корпуса. Адрамантаваць яго нельга, паводле магілёўскага чыноўніка, таму трэба зносіць. Будаўніцтва пачнецца ўжо ў 2023 годзе, закончыць яго плануецца ў 2025 годзе.

– Рамонт не дазволіць атрымаць будынак, які будзе адпавядаць неабходным патрабаванням, бо медыцына за апошнія гады сышла далёка наперад, – падкрэсліў Старавойтаў. – Таму старыя медычныя плошчы пойдуць пад знос.

Без савецкай идэалогіі

Пра лёс мазаікі пры гэтым ніякіх афіцыйных каментарыяў не даецца. Мастакі і мастацтвазнаўцы тым часам хвалююцца пра лёс першага бабруйскага манументальнага твора ў гэтым стылі.

У сваім інтэрв’ю выданню гісторык мастацтваў Кацярына Рускевіч зазначала, што гэтая мазаіка цікавая тым, што ў ёй няма савецкай ідэалогіі, і ў ёй адразу кідаюцца ў вочы адсылкі да манументальных працаў 1920-х гадоў, асноўныя рысы якіх – лаканічнасць падачы, строгасць формаў.

– Сюжэт мазаікі на Марзонаўцы – цалкам медычны. Мы бачым вялікі твар лекара ў медычнай масцы, з суворым, але глыбокім позіркам. Гэты лекар трымае ў руцэ чалавечае сэрца. На другасных планах мазаікі – чалавек пад рэнтгенаўскім апаратам, фігуры і твары медыкаў.

Фота: 1387.by

Бабруйскі абсурд – мазаіку з Леніным знішчылі ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Разам з будынкам былой футравай фабрыкі на Бахарава да свята 7 лістапада знеслі рэвалюцыйную мазаіку. Думкі бабруйчан з нагоды здарэння супрацьлеглыя. 

Мазаіка з чырвонай жанчынай – цэнтральнай фігурай твора, дзе фонам ішоў Ленін і рэвалюцыянеры – на будынку былой футравай фабрыкі адпавядала камуністычнай ідэалогіі, але ж і ўпрыгожвала індустрыяльны пейзаж Бабруйска. У 2000-х фабрыка збанкрутавала, а новыя гаспадары пачалі перабудову. Сімвалічна, што мазаіку з рэвалюцыйным сюжэтам і Леніным знішчылі ў «святочны» дзень 7 лістапада.


Бабруйская футравая фабрыка – прадпрыемства па вытворчасці футравых вырабаў была створана ў 1959 годзе. У канцы 1970-х гадоў на фабрыцы працавала  1800 чалавек. Выпускалася больш за 10 фасонаў мужчынскіх шапак з меха розных жывёл, да 12 фасонаў жаночых шапак, а таксама дзіцячыя шапкі, манто, паліто, каўняры. У 2015 годзе прадпрыемства было ліквідавана.


Тым часам меркаванні бабруйцаў з нагоды знішчэння мазаікі ў сацсетках падзяліліся.

Адны пішуць: «Не шкада», «Дзякуй Богу. Такая сабе творчасць», «Адным Леніным менш – толькі лепш. Мастацкай вартасці не бачу, а як помнік эпохі – іх дзяваць няма куды».

Некаторыя аматары даўніны прытрымліваюцца зусім іншых думак. Так, адзін з іх сумуе: 

–  Безумоўна, да мазаікі можна ставіцца выключна адмоўна, з улікам цалкам ідэалагічнай скіраванасці сюжэту. Аднак,… мазаічнае пано выканана на дастаткова добрым узроўні, верагодна мясцовымі мастакамі. Я заўважаю ў цалкам сацрэалістычным сюжэце яўныя цытаты з твораў мінулага, …наўпростую цытату з сакральнага жывапісу, а менавіта з сюжэту, які прынята называць Маці Божая Валадарка Нябёсаў, дзе галоўным пасылам ёсць паведамленне свету, што Марыя зацяжарыла беззаганна. І ў гэтым ёсць сведчанне надыходу новага часу, у якім з чалавекам будзе ўкладзены Новы запавет. Мастак гуляе са здабыткам культуры, пераносячы яго ў новыя (савецкія) умовы. А ва ўмовах тых часоў… адбывалася кшталтаванне майстроў новага погляду і шырыні творчых амбіцыяў, якія, прадзіраючыся скрозь ідэалагічныя штампы, пачыналі казаць уласным голасам, што нёс ужо на сабе адбіткі ранейшых беларускіх выяўленчых дасягненняў. 

Дыскусія з нагоды знішчэння мазаікі яшчэ раз нагадала, што каб узбагаціць сябе, варта ўсё ж больш разумна і ашчадна адносіцца да нашай спадчыны.

фота: 1387.by