На паліцах магілёўскіх крамаў праз 2-3 месяцы з’явіцца пажыўнае і гіпаалергеннае малако з казінай фермы з-пад Магілёва, распавядаюць РУСПП “Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства”
Пад Магілёвам рэалізуецца першы ў Беларусі праект у племянным казаводстве – пісалі Магілёў.media. Дзяржаўная казіная ферма створана на базе Магілёўскага дзяржплемпрадпрыемства ў вёсцы Чаромушкі ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Аграрны бізнес” на 2021-2025 гады.
Яшчэ па стану на верасень былі закуплены 150 жывёл альпійскай і зааненскай парод, падрыхтаваны жывёлагадоўчыя памяшканні, домікі для маладніка, даільная зала на 24 месцы.
Ферма будзе даваць не толькі племянную жывёлу і насенны матэрыял высокай генетычнай каштоўнасці, але і высокаякаснае малако.
Казінае малако па карысці пераўзыходзіць каровіна і з’яўляецца крыніцай комплексу незаменных біялагічна актыўных рэчываў, якія выдатна ўплываюць на імунітэт і агульны стан здароўя чалавека, павялічваюць пажыўнасць штодзённага рацыёну. Але на сёння казінае малако – дэфіцытны тавар.
Пажыўнае і гіпаалергеннае малако будзе перапрацоўвацца на Шклоўскім масларобным заводзе і расфасоўвацца ў ПЭТ-бутэлькі па 0,9 літры.