На месцы баёў каля ракі Халхін-Гол у Манголіі пошукавая экспедыцыя, занятая выяўленнем парэшткаў салдат, знайшла целы 27 байцоў. Сярод іх – Пётр Чарнамордзік з Горацкага раёна, што загінуў у баі ў 1939 годзе, паведамляе “Горацкі веснік”.
Раскопкі ў даліне ракі Халхін-Гол, на месцы баёў у 1939 годзе, праводзіліся ў межах Міжнароднай экспедыцыі «Халхін-Гол. Тым большая наша слава. 2024». Удзел у іх прынялі сябры Беларускага геаграфічнага таварыства. Падчас раскопак яны знайшлі і эксгумавалі парэшткі 27 байцоў, якія загінулі ў бітвах у 1939 годзе. Сярод загінуўшых у раёне сопкі Рэмезава, паблізу населенага пункта Сумбэр былі знойдзены астанкі загінуўшага воіна з Беларусі.
Як паведамілі ўдзельнікі экспедыцыі, «у байца сярод асабістых рэчаў былі супрацьгаз, рэмень, лыжка, хлорніца, фляга, патроны ў абоймах да вінтоўкі Мосіна, у нагруднай кішэні кашалёк. Баец ляжаў у ненатуральнай позе, з-за чаго было складана вызначыць межы раскопу. Правёўшы эксгумацыйныя працы, стала зразумела, што баец атрымаў раненне ў галаву, хутчэй за ўсё гэта раненне і стала прычынай гібелі. Пры далейшай рабоце з выяўленымі прадметамі з кашалька былі выняты дакументы, якія цудам захаваліся: камсамольскі білет, білет члена Осаавіяхіма, даведка аб здачы норм ГТА, распіска, выдадзеная Горацкім райваенкаматам аб канфіскацыі на захоўванне пашпарта. Захавалася нават фатаграфія байца, на якой з далёкага 1939 года на нас глядзіць малады хлопец».
Па ацалелых фрагментах дакументаў было ўстаноўлена, што гэта астанкі байца па прозвішчы Чарнамордзік, імя прачытаць было нельга, імя па бацьку – Мардухавіч. Ён быў прызваны Горацкім ваенкаматам у войска ў 1938 годзе.
Далейшыя пошукі дазволілі ўстанавіць поўнае імя байца – Чарнамордзік Пётр Мардуховіч, які нарадзіўся ў 1918 годзе на тэрыторыі Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў вёсцы Рудкаўшчына.
Цяпер парэшткі воіна будуць пахаваны ў брацкай магіле ва Улан-Батары, а яго дакументы і рэчы перададуць у Горацкі гісторыка-этнаграфічны музей.
Фота: “Горацкі веснік”