Штотыдзень фіксуецца павелічэнне колькасці хворых з рэспіраторнымі інфекцыямі да 10-15 працэнтаў, а з кавід-інфекцыямі да 40-50 працэнтаў.
«Сітуацыя застаецца дастаткова напружаная і мы ў чаканні чарговага ўздыму рэспіраторных інфекцыяў, у тым ліку і кавід-інфекцыяў» – кажа галоўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці Святлана Нячай у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў».
Яна лічыць, што заўчасна, на дадзены момант, казаць пра кавід-інфекцыю, як сезоннае захворванне.
Па яе словах, захворвальнасць рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку кавід-інфекцыямі, нарастае.
«Па рэспіратарным гэта блізу 10-15 працэнтаў штотыднёва, па кавід-інфекцыі, па статыстыцы дыягностыкі, гэта лічба нават вышэй. Яна даходзіць да 40-50 працэнтаў за тыдзень. Але пры гэтым захворвальнасць у абсалютных лічбах даволі невялікая. Усё гэта гаворыць пра неабходнасць ужывання прафілактычных захадаў, аналагічна тым, якія выкарыстоўваліся і раней», – тлумачыць сітуацыю Святлана Нячай.
Яна адзначае, што актуальнай застаецца асабістая гігіена, а ў месцах, дзе немагчыма вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю, трэба бараніць органы дыхання. Што да масачнага рэжыму, то, на погляд галоўнага санітарнага ўрача, яго будуць выкарыстоўваць кропкава.
Па словах Нячай, з канца верасня ў паліклініках будзе даступная вакцына супраць грыпу і вакцынацыя ад яго ў цяперашніх умовах дужа актуальная.
фота: belinstitute.com