Генеральная пракуратура Латвіі абвінаваціла грамадзяніна Беларусі ў шпіянажы

Ён, паводле ведамства, збіраў у Латвіі звесткі для беларускай ваеннай разведкі.

У пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу звярталася Служба дзяржбяспекі Латвіі

Абвінавачанне выстаўленае паводле артыкулу «Шпіянаж». Згодна з Крымінальным законам Латвіі, за гэтае злачынства прадугледжана пакаранне да 10 гадоў.

Ад каментароў Генпракуратура пакуль устрымліваецца. Справа можа быць перададзена ў суд у верасні 2022 года, перадае  агенцтва «Delfi».

Раней паведамлялася, што беларуса затрымалі 15 лютага 2022 года. Падчас расследаванняў было ўстаноўлена, што ён на даручэнне беларускай ваеннай разведкі таемна фатаграфаваў і здымаў на відэа аб’екты сістэмы абароны Латвіі, крытычнай інфраструктуры электразабеспячэння, а таксама важныя абʼекты грамадзянскай інфраструктуры.

Інфармацыя, атрыманая ў ходзе расследавання, сведчыць аб тым, што асоба атрымала разведвальную інфармацыю як мінімум па 17 абʼектах дзяржаўнай важнасці.

У пракуратуру з просьбай распачаць крымінальную справу ў адносінах да грамадзіна Беларусі, падазраванага ў шпіянажы, звярталася Служба дзяржбяспекі Латвіі, пісаў Магілёў.media.

Паводле спецслужбы, атрыманыя беларусам звесткі, якія былі перададзеныя службе ваеннай разведкі Беларусі, патэнцыйна могуць нанесці істотную шкоду забеспячэнню асноўных функцый латвійскай дзяржавы і абароназдольнасці ва ўмовах ваеннага канфлікту.

 

фота ілюстрацынае, узятае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў