Прадстаўляем экскурсію выхаднога дня ў адзін з самых усходніх гарадкоў на карце Беларусі.
Некаторыя ведаюць Клімавічы па нядрэнных бальзамах, якія робяць на мясцовым лікёра-гарэлачным заводзе. Але ў першую чаргу па гэтым некалі павятовым цэнтры можна пагуляць з цікавасцю, бо ў ім ёсць свае адметныя мясціны і славутасці, а таксама ўласная атмасфера і багатая гісторыя.
Сядзібны дом Мяшчэрскіх
Знаёмства з Клімавічамі лепш за ўсё пачаць з дастаткова ўнікальнага будынка для нашай краіны – асабняка князёў Мяшчэрскіх. У цэнтры горада можна ўбачыць прыгожы будынак незвычайны па форме, што вылучаецца вытанчанай разьбой. Вядомы ён як сядзібны дом князёў Мяшчэрскіх, які быў пабудаваны ў 1867 годзе ў псеўдарускім стылі. Гэта помнік драўлянага дойлідства ХІХ стагоддзя, што размешчаны на вуліцы Савецкай.
Драўляны, аднапавярховы, амаль квадратны ў плане будынак з прыбудовай у паўнёва-заходняй частцы. Кампазіцыя галоўнага фасада трохчасткавая. У асабняку да Кастрычніцкай рэвалюцыі жыла з сям’ёй Марыя Мікалаеўна з Мяшчэрскіх, жонка апошняга клімавіцкага павятовага маршалка Мікалая.
Гэта архітэктурны помнік бяспрэчна з’яўляецца візітоўкай горада і менавіта тут да нядаўняга часу знаходзіўся Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей.
Цяпер турысты могуць таксама сфатаграфавацца са скульптурай княжны Мяшчэрскай, прысеўшы да яе на лаўку каля будынка асабняка. Зрабіў яе беларускі скульптар, ураджэнец Клімавіч Леанід Ячнеў. Па задумцы аўтара, сядзіць сабе такая рамантычная асоба на лаўцы і трымае на каленях кнігу.
Постсавецкі Ільіч і копіі моаі – статуй з вострава Пасхі
Аддаляючыся ад сядзібнага дома Мяшчэрскіх, але працягваючы рушыць па вуліцы Савецкай, можна пабачыць скульптуру хрэстаматыйнага Леніна. Скульптар “апрануў” постаць правадыра пралетарыята ў паліто, якое развіваецца. Знаходзіцца скульптура Леніна насупраць будынка з калонамі ў стыле савецкага ампіра – раённага Цэнтра культуры. Ільіч адметны тым, што яго паставілі ўжо ў 90-х гадах, бо папярэднюю бронзавую скульптуру галоўнага бальшавіка скралі. Прычым бронзавы Ленін быў работы знакамітага беларускага скульптара Заіра Азгура.
Калі пайсці яшчэ далей, то на рагу вуліц Ленінскай і Савецкай можна ўбачыць тры невялікіх статуйкі вельмі падобныя на моаі – каменныя маналітныя статуі з вострава Пасхі, што знаходзіцца ў Ціхім акіяне. Яны вытыркаюцца з зямлі толькі на 20-30 сантыметраў і хаваюцца сярод галінак туек.
Гасціны дом канца ХІХ ст., будынак земскай ўправы, гарадскі парк
Гарадская забудова канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя Клімавічаў прадстаўлена шэрагам цагляных будынкаў, пафарбаваных у розныя колеры і падобных на казачныя домікі. Сярод іх адметным з’яўляецца гасціны дом канца ХІХ стагоддзя. Зараз ён пустуе і знаходзіцца ў стане кансервацыі. Яшчэ адносна нядаўна ў ім месціўся раённы ваенкамат.
Мсяцовай славутасцю з’яўляецца і будынак Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якім за часамі Расійскай імперыі знаходзілася земская ўправа. Гэты драўляны будынак на цагляным падмурку часта прыцягвае ўвагу турыстаў з-за сваёй адметнай архітэктуры.
Побач знаходзіцца гарадскі парк, у якім праходзіць штогадовы дзіцячы міжнародны фестываль “Залатая пчолка”. Парк быў закладзены яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя і яму болей за 150 год. Некаторыя старыя дрэвы з тых часоў захаваліся дагэтуль.
Некалі гэта быў бульвар, які з цягам часу трансфармаваўся ў парк са стандартнымі савецкімі помнікамі. У ім знаходзіцца помнік воіну-вызваліцелю, пафарбаванаму ў бронзавы колер у памяць аб вайне 1941-1945 гг., самалёт Су-9 як напамін таго, што на тэрыторыі Клімавіцкага раёна размяшчалася эскадрылля 28-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка.
Між нішым, на тэрыторыі парка яшчэ да 1960-х гг. знаходзілася царква Іаана Прадцечы, якую разбурылі за савецкім часам. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ад царквы ішоў падземны ход да месца сённяшняй рэдакцыі раённай газеты “Родная ніва”, дзе некалі спачатку быў манастыр, а пасля турма. На тым месцы, дзе была царква, зараз мемарыяльны комплекс.
Акрамя помнікаў у парку можна ўбачыць цікавыя малыя архітэктурныя формы: ліхтары “ён” і “яна”, арыгінальную драўляную елку, скульптуры жывёл.
Калі вы прыедзеце ў Клімавічы з дзеткамі, ім яўна будуць даспадобы атрыкцыёны з надпісам “Вітаўт”.
Помнік ахвярам Халакосту і яўрэйскія могілкі
Вельмі важным і цікавым месцам для разуменне мінуўшчыны Клімавічаў з’яўляюцца яўрэйскія могілкі. Яны знаходзяцца ў межах горада ў трохкутніку вуліц Карла Маркса, Пралетарская і Камсамольская.
Цяперашні раённы цэнтр Клімавічы быў некалі яўрэйскім мястэчкам, дзе палова насельніцтва была іўдэямі. Адпаведна, у горадзе была моцная яўрэйская абшчына з уласнымі ўстановамі адукацыі, крамамі і сінагогамі.
Клімавічы былі адным з прыкметных цэнтраў хасідызму, хаця не менш уплывовымі ў горадзе былі і ідэйныя праціўнікі хасідаў – прыхільнікі міснагедаўскага накірунку іўдаізму.
Паводле перапісу 1939 г. у Клімавічах пражывала 1693 яўрэяў з 9551 усіх жыхароў горада. Падчас акупацыі горада войскамі Трэццяга Рэйха большая частка яўрэйскага насельніцтва была знішчана, уратавацца змаглі нямногія.
У 2018 годзе дзякуючы фонду імя Саймана Марка Лазаруса з Вялікабрытаніі быў усталяваны гранітны манумент на яўрэйскіх могілках Клімавіч у памяць аб ахвярах Халакосту з надпісам на трох мовах – беларускай, англійскай і іўрыце.
Што да саміх могілак, то на іх знаходзіцца амаль чатырыста мацэў, пятая частка з якіх пашкоджана. Старая частка могілак змяшчае больш за 200 надмагілляў, новая – больш за 150. Шмат захавалася каменных надмагілляў пачатку ХХ ст. Як правіла, усе яны ўяўляюць сабой валуны, на адным з бакоў якіх выбіта кароткая эпітафія – імя нябожчыка, імя бацькі і дата смерці. Адзначым, што надмагіллі ў Клімавічах амаль не маюць арнаменту ці іншых упрыгожванняў. Дарэчы, яўрэяскія могілкі ў Клімавічах застаюцца дзеючымі да сённяшняга дня.
Дзякуючы намаганням мясцовай яўрэйскай абшчыны ў 2017 годзе гарадскія ўлады Клімавіч паставілі могілкі на ўлік у камунальны аддзел райвыканкама і падтрымліваюць на іх парадак. У 2021 годзе была праведзена каталагізацыя могілак пад кіраўніцтвам Магілёўскай яўрэйскай абшчыны.
Свята-Міхайлаўская царква з каменнымі надмагіллямі
Яшчэ адным цікавым і адметным помнікам з’яўляецца Свята-Міхайлаўская царква – праваслаўны храм, пабудаваны ў 1848 годзе. Знаходзіцца ў цэнтры горада, на гістарычным Рынку. Помнік архітэктуры позняга класіцызму, хоць некаторыя спецыялісты заўважаюць у ім змяшэнне стыляў – эклектыку.
Храм візуальна досыць цяжкавагавы, але з іншага боку мае нестандартнае аблічча. Царква складаецца з крыжовага асноўнага аб’ёму і прыбудаваных да яго паўкруглай апсіды з усходу і квадратнага бабінца з захаду. Над сяродкрыжжам узвышаецца вялікі светлавы васьмігранны барабан з купалам. Бабінец завершаны трох’яруснай вежай-званіцай. Купал і званіца ўвенчаныя галоўкамі. На сённяшні момант праваслаўны храм Клімавічаў з’яўляецца аб’ектам Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Галоўная рэліківія царквы – цудадзейны абраз Іверскай Прасвятой Багародзіцы, напісаны і асвечаны ў 1899 годзе. Раней на сценах храма быў яшчэ і роспіс на біблейскія тэмы.
Дастаткова цікава, што на прылеглай тэрыторыі да царквы знаходзіцца масіўны каменны крыж, які раней хутчэй за ўсё знаходзіўся на старадаўніх могілках. Побач з каменным крыжам знаходзіцца камень, які таксама мог некалі служыць надмагіллем на старых могілках. Знаходзяцца два каменных аб’екта на невялікім узвышшы, што нагадвае курган.
Фота з адкрытых крыніц