Каля гарадзішча Гарадзец, з якога паўстаў горад, паставілі банэр з няправільнай даціроўкай помніка.
Банер быў пастаўлены каля Гарадца мясцовымі ўладамі з нагоды 885-годдзя горада. На ім старадаўняе гарадзішча датуецца ІХ-ХІІ стагоддзямі, што з’яўляецца абсалютна няправільнай храналогіяй.
Як паказалі археалагічныя раскопкі, першае ўмацаванае паселішча на Гарадцы з’явілася яшчэ ў жалезным веку (ІІІ ст. да н.э.) і заснавана было прадстаўнікамі балцкай днепра-дзвінскай культуры. Паселішча існавала да ІV ст. н.э., пасля чаго назіраецца доўгі перапынак і гарадзішча нікім не засяляецца.
Новае жыццё на Гарадцы пачынаецца толькі ў канцы ХІ-пачатку ХІІ стагоддзяў. То бок не ў ІХ стагоддзі – а гэта 800-я гады нашай эры – як можна зразумець з даціроўкі на банеры, а ў канцы 1000-х, гэта значыць пазней больш чым на дзвесце гадоў. Паселішча ў гэты час было невялікім і выконвала ролю цэнтра акругі. Жыццё на Гарадзішчы віравала да пачатку XIV стагоддзя, пакуль не перакачавала на новы ўмацаваны дзядзінец – Замкавую гару. Атрымліваецца, што даціроўка часу завяршэння жыцця на Гарадцы, указаная на банеры таксама памылковая – гэта не 1100-я гады (ХІІ стагоддзе), а 1300-я (XІV стагоддзе).
Адзначым, што гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, які даследаваў гарадзішча некалькі год запар, выказвае меркаванне аб існаванні на Гарадцы язычніцкага свяцілішча на працягу Х-ХІ стагоддзяў.
Фота mogilev media