Забойства 64-гадовай Шанці Шоў адбылося ў паўночнаіндыйскім горадзе Гувахаці яшчэ ў 2019 годзе. Жанчына была знойдзеная абезгалоўленай пасля таго, як яна наведала храм Кавах’я.
Як паведамляе The Guardian, пасля чатырох гадоў пошукаў паліцыі штата Асам удалося выйсці на след злачынцаў пасля таго як цела ахвяры было канчаткова ідэнтыфікаванае.
У забойстве жанчыны падазраюцца дванаццаць чалавек, пяць з якіх удалося затрымаць. У тым ліку пад арышт патрапіў меркаваны завадатар, 52-гадовы Прадзіп Патак, які арганізаваў забойства ў рамках рэлігійнага абраду ў гонар гадавіны смерці свайго брата. Астатніх удзельнікаў рытуала працягвае шукаць паліцыя.
– Абвінавачаны, відаць, лічыў, што ахвярапрынашэнне супакоіць душу нябожчыка. – пракаментаваў справу камісар паліцыі Гувахаці Дыганта Барах.
З 2014 па 2021 год Нацыянальнае бюро па ўліку злачынстваў Індыі паведаміла пра 103 выпадкі чалавечых ахвярапрынашэнняў у краіне. Рытуальныя забойствы звычайна праводзяцца, каб супакоіць багоў, і яны найбольш распаўсюджаныя ў племянных і аддаленых раёнах, дзе людзі масава вераць у вядзьмарства і акультызм.
У мінулым годзе ў сталіцы Індыі Нью-Дэлі двое мужчын былі арыштаваныя па абвінавачванні ў забойстве шасцігадовага хлопчыка. Вінаватыя, абодва будаўнікі, заявілі паліцыі, што забілі дзіця ў ахвяру індуісцкаму богу Шыве, каб разбагацець.
Фота ілюстрацыйнае