Польскі інвестар CDRL, які выкупіў сетку “Буслік” у 2018 годзе, заявіў пра фінансавыя праблемы ў беларускай кампаніі “ДПМ”, што кіруе гэтай сеткай крам.
Сыходзячы з фінансавай справаздачы, якую апублікавала фірма-рытэйлер CDRL, беларускі Альфа-Банк запатрабаваў ад кіруючай кампаніі “ДПМ” датэрмінова пагасіць крэдыт. Удакладняецца, што гаворка ідзе пра суму ў 3,95 мільёна даляраў – гэта рэшта на 20 кастрычніка 2023 года.
У справаздачы таксама ёсць інфармацыя аб тым, што кіраўніцтва сеткі звярнулася ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт з заявай аб прадухіленні банкруцтва.
Падставай для патрабавання банка стала “ўзнікненне прыкмет неплацёжаздольнасці, а таксама памяншэнне кошту закладу”. Апошняе тлумачаць недастатковай колькасцю тавараў у абароце гандлёвай сеткі.
У справаздачных дакументах CDRL таксама гаворыцца, што ў заяве гарадскім уладам гандлёвая сетка прапанавала шэраг захадаў па нармалізацыі свайго фінансавага становішча. Калі праблемную сітуацыю не ўрэгулююць, “ДПМ” не зможа разлічыцца з польскім фундатарам.
Удакладняецца, што CDRL ужо спісаў кошт акцый беларускай “дачкі” на 54,7 млн злотых (каля 41,3 мільёнаў рублёў), таксама плануе спісаць дэбіторскую запазычанасць. У сувязі з гэтай сітуацыяй польскі інвестар чакае значных страт.
Фота з адкрытых крыніц