Дрон-мапед зноўку лятаў над Магілёвам – яго бачылі на Слаўгарадскай шашы і на Шмідта

У TikTok з’явіўся ролік з пралётам БПЛА, падобным на расійскі баявы дрон, зняты над Магілёвам у раёне Слаўгарадскай шашы. Акрамя характэрнага сілуэту, лёгка пазнаецца яго гук, за які падобныя лятальныя апараты празвалі “мапедамі”. 

Гледзячы па роліку, яго аўтар знаходзіўся ў прыватным сектары Магілёва, здымаючы відэа з пралётам дрона. У кадр трапіў сам апарат, чуваць крык дзіцёнка: “Як блізка!”. У каментарах знайшлося некалькі чалавек, што бачылі БПЛА над Магілёвам таксама.

БПЛА могилев

Іншыя каментатары пішуць, што дрон – грамадзянскі, пушчаны для фіксацыі наступстваў учорашняй навальніцы. Але гэта супярэчыць словам аўтара роліка, які адзначае, што здымаў відэа яшчэ за дзень да ўрагану.

Каментатары з іншай катэгорыі сыплюць на аўтара пагрозы. 

дрон над могилевом
Гэта ўжо не першая фіксацыя беспілотных апаратаў над Магілёвам. Пра ранейшы такі выпадак mogilev.media пісалі 12 сакавіка.

Фота: скрыншот

Каб здымаць відэа з квадракоптэра цяпер спатрэбіцца дазвол Генштаба

У Беларусі ўступілі ў сілу новыя правілы эксплуатацыі беспілотных лятальных апаратаў. Усім уладальнікам дронаў давядзецца пацвердзіць законнасць іх набыцця і прайсці навучанне. А таксама атрымаць права на ўзлёт і дазвол на аэрафота- і відэаздымку.

У першую чаргу неабходна будзе паставіць беспілотнік на ўлік у Дэпартаменце грамадзянскай авіяцыі з атрыманнем уліковага нумара. Затым – прайсці навучанне. Потым – заключыць дамову з прадпрыемствам «Белаэранавігацыя» і падаць заяўку на выкарыстанне паветранай прасторы.

А каб здымаць фота і відэа з квадракоптара, спатрэбіцца дазвол ад Генштаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь – паведамляе ОНТ.

Фота з адкрытых крыніц