Духоўны фестываль пройдзе ў другі раз за чатыры гады і будзе адлюстроўваць багатае рэлігійнае жыццё рэгіёна.
Як піша mstlife.by духоўны фестываль “Мсціслаўшчына – цэнтр духоўнасці” плануюць правесці сёлета ў Мсціславе. Пра гэта расказала начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп.
У 2019 годзе быў праведзены Першы духоўны міжканфесійны фестываль “Мсціслаўшчына – цэнтр духоўнасці”. Святары, паломнікі з розных куткоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі прыехалі ў Мсціслаў, каб дакрануцца да гісторыі, узяць удзел у богаслужэннях. Правесці ў 2020 годзе фестываль не ўяўлялася магчымым з-за пандэміі. Сёлета прадстаўнікамі мясцовага аддзела культуры было вырашана вярнуцца да фармату дадзенага фэсту.
Сёння Мсціслаў у жыхароў Беларусі і бліжэйшых краін у першую чаргу асацыюецца са святам сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.
– Дастаткова багата прадстаўлена на Мсціслаўшчыне і духоўнае жыццё, аднак, яно менш папулярызавана – лічыць Наталля Біскуп.
Адзначым, што папярэдні духоўны фестываль знайшоў водгук як у мясцовых жыхароў, так і гасцей горада. За кошт дабрачынных сродкаў, сабраных у тым ліку падчас фестываля, быў зроблены рамонт у адной з цэркваў старажытнага Мсціслава.
Фота з адкрытых крыніц