Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Андрэй Уткін

Асуджаны на два гады калоніі.

Праваабаронцы пішуць, што яго абвінавацілі у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Ён пераслаў тэлеграм-каналу, які лічыцца «экстрэмісцкім», фота з расійскай тэхнікай.

Андрэй Уткін прызнаны праваабарончай супольнасцю палітзняволеным.

Арцём Калашук

Асуджаны на 8 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў жыхара Магілёва Чавускі раённы суд прызнаў вінаватым «у абразе прадстаўніка ўлады», «абразе Лукашэнкі» і «абразе суддзі».

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі каментары ў сацыяльных сетках.

Станіслаў Паўлінковіч

20 дзён утрымліваецца ў штрафным ізалятары. Туды яго адпраўляюць рэгулярна пасьля таго, як перавялі з калоніі, пішуць праваабаронцы.

Першапачаткова ён адбываў двухгадовае абмежаванне волі за знявагу суддзі ў папраўчай установе № 39 у Крупках. Туды прыбыў у сакавіку 2021 году.

29 красавіка 2022 году, па заяве адміністрацыі спецкамендатуры, суд замяніў Паўлінкавічу «хімію» на рэальнае пазбаўленне волі ў калоніі.

Паўлінковіч прызнаны праваабарончай супольнасцю палітзняволеным.

Ніна Багінская

75-гадовай удзельніцы пратэстаў, на якія яна заўжды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам, суд наклаў дадатковыя абмежаванні.

Кабеце забаранілі выязджаць з Беларусі, наведваць казіно, а таксама гуляць у азартныя гульні.

Раней ёй забаранілі паляваць, кіраваць машынай і маламернымі судамі, а аператарам сувязі забаронена прадстаўляць ёй паслугі інтэрнэту, мабільнай сувязі і тэлебачання.

Паводле праваабаронцаў, у красавіку Багінскую аштрафавалі на 1600 рублёў за тое, што выйшла са сцягам у цэнтр Мінску на Дзень Волі. Штраф аплачваць яна адмовілася, што стала нагодай для накладання абмежаванняў.

Барыс Хамайда

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў яго забралі ў судзе, куды ён прыйшоў на працэс над журналісткай Таццянай Мацвеевай.

Хамайда на патрабаванне міліцыянта адмовіўся зняць медальён з Пагоняю. Міліцыянт Уладзіслаў Шышкавец выклікаў службовую машыну, якою Барыса Хамайду павезлі ў РАУС. Адтуль ён не выйшаў.

Елена Латушка

Затрыманая.

Яна жонка, палітзняволенага Анатоля Латушка. Паводле праваабаронцаў у ейным доме адбыўся ператрус, у рамках расследавання крымінальнай справы, распачатай за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.

Фігурантаў справы Анатолія Латушку, Алену Маліноўскую ды Лілію Ананян вінавацяць у «злосным хуліганстве», «перашкодзе ажыццяўленню права на ўдзел у рэферэндуме, працы Цэнтрвыбаркаму» і «знявазе дзяржаўных сімвалаў».