Начальніка крымінальнай міліцыі Клімавіч затрымалі за хабар

Аляксандр Кухараў абвінавачваецца ў хабары ў асабліва буйным памеры, яму пагражае ад 5 да 15 гадоў турмы.

Як паведамляе “Наша ніва”, начальніка клімавіцкай крымінальнай міліцыі пачнуць судзіць 9 снежня ў Хоцімску. А яшчэ ў пачатку 2024 года ён атрымліваў з рук міністра Унутраных спраў Кубракова ўзнагароду за ўмелыя і прафесійна граматныя дзеянні, ініцыяву, праяўленыя пры выкананні службовых задач.

Аляксандру Кухараву 44 гады, ён прыйшоў на пасаду ўчастковага ў 2002 годзе, у 2009 атрымаў пасаду аперупаўнаважанага. Працаваў у групе наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, дайшоў там да старшага аперупаўнаважанага і атрымаў званне маёра. З 2019 па 2022 працаваў у Крычаве (на фота) начальнікам аддзелення крымінальнага вышуку.

Невядома, калі канкрэтна Кухарава затрымалі. Апошняя публічная згадка яго імені зафіксаваная ў сакавіку 2024 года. Неўзабаве ягонае імя знікла з сайта Клімавіцкага райвыканкама — цяпер месца кіраўніка крымінальнай міліцыі вакантнае.

Аляксандра Кухарава пачынаюць судзіць 9 снежня 2024 года ў Хоцімскім раённым судзе. Гэта звычайная практыка, калі працэсы над раённымі начальнікамі адбываюцца ў суседніх рэгіёнах — каб зменшыць імавернасць карупцыі пры вынясенні прысуду.

Кухарава абвінавачваюць па трэцяй, самай цяжкай, частцы артыкулу 430 КК — «хабар у асабліва буйным памеры або атрыманы асобай, якая займае адказнае становішча». Цяпер Аляксандру Кухараву пагражае ад пяці да пятнаццаці гадоў са штрафам.

Фота: “Крычаўскае жыццё”