Жыліцкі палац, “другі Нясвіж” , “жамчужына Магілёўшчыны”, палац Булгакаў – помнік архітэктуры позняга класіцызму, гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі ў Кіраўскім раёне амаль падрыхтаваны да святкавання свайго 200-годдзя. Актыўная фаза рэканструкцыі ўжо завершана.
Зараз залі комплексу – а іх 100 – паволі напаўняюцца антыкварнай мэбляй, сучаснымі копіямі мэблі XIX стагоддзя, карцінамі. Нанова ствараецца аранжарэя і капліца. Экскурсіі па залах ужо праводзяцца.
Mogilev.media працягвае адсочваць ход рэканструкцыі палаца.
Раней гістарычныя крыніцы ўказвалі дату пабудовы палаца – 1825 год, зараз на сайце палацава-паркавага ансамбля даецца больш ранейшая дата – 1823.
Архітэктурны комплекс дзівіць прыгажосцю і маштабамі: будынак рознай паверхавасці, з вежай, складаецца са 100 памяшканняў агульнай плошчай 4 000 кв. м. Побач парк плошчай каля 20 гектар, рака.
Жылічы – рэзідэнцыя заможнага шляхціца, бабруйскага павятовага маршалка Ігната Булгака (1798-1848) у аграгарадку Жылічы на рацэ Добасна. Пабудаваны палац па праекце архітэктара Караля Падчашынскага.
Да галоўнага П-падобнага корпуса ў 1864-1876 гадах прыбудавалі, пры ўладальніку Эдгары Булгаку, доўгае двухпавярховае крыло з палацавай царквой і дадатковымі жылымі памяшканнямі. Такое архітэктурнае рашэнне ўтварыла напаўадкрыты ўнутраны двор. Заходняя частка палаца была дабудавана ў 1914 годзе.
Пасля рэвалюцыі ў палацы размяшчаліся дзіцячы дом, заатэхнічны тэхнікум. У час Вялікай Айчыннай вайны месціўся нямецкі шпіталь.
Пасля вайны ў палацы працавала Бабруйская агранамічная школа.
Першыя спробы рэканструкцыі палаца зроблены ў 1973 годзе архітэктарам Я. Куртам.
У наш час у палацы размешчаны краязнаўчы музей і музычная школа.
Фота: mogilev.media