Журналісты даведаліся пра смерць Віталя Бычкова з Быхава, які быў асуджаны па палітычным артыкуле і знаходзіўся ў так званым спісе экстрэмістаў.
Віталю Бычкову было 44 гады. Па даных сайта Dissidentby, яго імя па бацьку – Міхайлавіч. Ён паходзіў з пасёлка Колас у Быхаўскім раёне – гэта населены пункт, які з цягам часу быў уключаны ў межы самога Быхава. Судзячы па інфармацыі з сацыяльных сетак і расійскіх баз дадзеных, Бычкоў час ад часу ездзіў на заробкі ў Расію.
У 2022 годзе Быхаўскі раённы суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэкса – «гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі». Такія справы не заўсёды маюць палітычны характар. Аднак, у выпадку з Бычковым сілавікі палічылі неабходным уключыць яго ў спіс асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе “Наша Ніва”.
Дакладныя дэталі справы, як і тэрмін пакарання, не агалошваліся. У згаданым спісе экстрэмістаў насупраць прозвішча Бычкова значыцца: «адбывае пакаранне». Гэта можа сведчыць пра прысуд у выглядзе зняволення ў калоніі або «хіміі» – абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую калонію адкрытага тыпу.
Жыццё Віталя абарвалося 28 кастрычніка 2024 года. Невядома, ці паспеў ён поўнасцю адбыць прызначаны тэрмін. Паводле дадзеных Digital Intelligence Team, прычынай смерці стаў інсульт.
Фота з старонкі Віталя Бычкова ў Аднакласніках