Сёння ў Магілёве пройдзе прэзентацыя праекта, які можа знішчыць Замкавую гару і парк Горкага

10 ліпеня ў Магілве ў будынку гарвыканкама пройдзе афіцыйная прэзентацыя праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г. Магілёве». Гэты праект прадугледжвае будаўніцтва ў парку Горкага музейнага комплекса, прысвечанага І Сусветнай вайне і перабыванню ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, цара Мікалая ІІ. 

Абмеркаванне арганізаванае Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам, а заказчыкам па аб’екце выступае Упраўленне капітальным будаўніцтвам г. Магілёва. Абмеркаванне будзе праходзіць да 19 ліпеня, а сёння ў 15.10 у гарвыканкаме (кабінет №320) адбудзецца афіцыйная прэзентацыя праекта.

Прапанаваны да абмеркавання праект дэманструе, што паводле ідэі ініцыятараў будзе праведзена маштабнае будаўніцтва на Замкавай гары, са знішчэннем велізарнага аб’ёму культурнага слою. Таксама ў выпадку будаўніцтва музейнага комплекса, будзе знішчаны парк Горкага – ад яго, паводле праекта, застанецца ўсяго пару дрэў.

Фота: mogilev.gov.by