22 ліпеня 1654 года ў самым пачатку вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай войска расійскага князя Аляксея Трубяцкога штурмам узяло горад Мсціслаў і здзейсніла масавае забойства мясцовых жыхароў, якое ўвайшло ў гістарычную памяць як “Трубяцкая разня”. Паводле ацэнак сучаснікаў, акупантамі было знішчана ад 10 000 да 15 000 чалавек. Шматлюдны і росквітны горад на ўсходзе Магілёўшчыны ў выніку катастрофы заняпаў і больш ужо не вярнуў сваю былую веліч.
Беларускі гісторык Міхаіл Без-Карніловіч пісаў пра тое, што памяць пра «разню Трубяцкога» ў Мсціславе захоўвалася ў народных паданнях нават у сярэдзіне XIX стагоддзя. Расійскі гісторык Аляксей Лобін мяркуе, што прычына, па якой рускія войскі здзейснілі настолькі маштабнае забойства, звязаная з тым, што горад аказаў моцнае супраціўленне.
На выяве: Разня манахаў-кармелітаў рускімі салдатамі, фрагмент фрэскі з Кармеліцкага касёла ў Мсціславе.