артэк беларусы

Школьнікаў з Магілёва апрацоўваюць расійскай прапагандай у Артэку

Беларускія школьнікі аказаліся ў руках расійскай прапаганды — на адпачынку ў акупаваным Крыме.

Зараз у крымскім лагеры «Артэк» знаходзяцца як мінімум чатыры школьніцы з Мінска, Гомеля і Магілёва. Гэтыя дзеці — пераможцы конкурсаў для таленавітай моладзі, якія атрымалі пуцёўкі ад расійскай арганізацыі «Еўразія», якую звязваюць з подкупам выбаршчыкаў у краінах СНД. Колькі дакладна беларусаў у лагеры — невядома, але іх удзел пацвярджаюць публікацыі самога «Артэка» і пасты бацькоў. Пра гэта піша Mayday.

За фасадам святаў і экскурсій — пастаяннае прамыванне мазгоў. Дзеці ўдзельнічаюць ва «ўроках мужнасці» з людзьмі, датычнымі да вайны супраць Украіны. Так, 12 чэрвеня 2025 года беларускія школьнікі слухалі выступ Юрыя Німчанкі — «сенатара» ад акупаванага Крыму і «героя Расіі» за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Разам з ім прапаганду «правільных каштоўнасцяў» транслявала вядомая расійская вядучая Кацярына Андрэева.

Акрамя сустрэч з ваеннымі, у праграме — канцэрты да Дня Расіі, паходы па «месцах партызанскай славы» і выставы зброі. Цэнтр нацыянальнага супраціву Украіны неаднаразова папярэджваў: з 2022 года «Артэк» стаў адным з інструментаў прамывання мазгоў дзяцей і мілітарызацыі іх свядомасці для падтрымкі вайны.

Пакуль Масква робіць з падобных лагераў фабрыкі лаяльных да яе агрэсіі «маленькіх грамадзян», для беларускіх уладаў і бацькоў такая паездка лічыцца прадметам гонару — нягледзячы на тое, што дзяцей фактычна ўцягваюць у чужы ідэалагічны наратыў і вучаць глядзець на вайну так, як трэба расійскай ваеншчыне.

Насамрэч гэта не культурны абмен, а схаваная вярбоўка і мілітарызацыя беларускіх дзяцей пад чужым сцягам. 

Фота: Mayday