Рэаліі сельскай гаспадаркі. На Магілёўшчыне здохла 897 дзяржаўных кароў, кантралёры знайшлі вінаватых

Недалічыліся такой колькасці жывёлаў у адной з гаспадарак Глускага раёну. Тут выяўленыя сістэмныя правапарушэнні на сельгаспрадпрыемстве. Распачатыя крымінальныя справы, многіх кіраўнікоў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Каровы дохлі і іх спісвалі, ці прадавалі

Паўтара года кіраўнік адной з гаспадарак, імя і назва якіх не называюцца, патрабаваў ад загадчыц фермаў уносіць ілжывыя звесткі ў справаздачнасць. Рэальныя дадзеныя аб непрадукцыйным выбыцці буйной рагатай жывёлы ў бухгалтарскіх дакументах не адлюстроўваліся, а «спісаныя» тушы прадавалі прыватным асобам.

Пра сітуацыю ў сельгаспрадпрыемстве стала вядома, як паведамляецца, «з аператыўнай інфармацыі». Была арганізаваная комплексная праверка, якая і выявіла нястачу 897 галоў.

telegra.ph

Высветлілася, што цяляты і маладняк дохлі праз парушэнні ветэрынарна-санітарных правіл, тэхналогіі кармлення, умоваў утрымання. Акрамя таго, захламлёнасць памяшканняў станавілася прычынай траўмавання жывёлаў, а ветэрынарная дапамога на належным узроўні не аказвалася.

«Ведаючы, што адбывалася, кіраўнік не толькі не рабіў захадаў для прадухілення шкоды, але імкнуўся любымі спосабамі схаваць нястачу. У выніку прадпрыемству нанесена маёмасная шкода на суму звыш паўтара мільёна рублёў», – апавядае газеце «На страже», прадстаўнік Магілёўскай абласной міліцыі Дзяніс Лугін.

Пракуратура Глускага раёну ў снежні 2021-га распачала чатыры крымінальныя справы: тры супраць загадчыкаў ферм за ўтойванне фактаў сканання жывёлы і іх рэалізацыі. Адна ўзбуджаная за перавышэнне паўнамоцтваў дырэктарам.

Кароў кралі…

Паводле Лугіна, аператыўнікі выкрылі схему крадзяжу буйной рагатай жывёлы. Загадчык малочнатаварнага комплексу на працягу паўгода рэалізоўваў дойных кароў жыхару абласнога цэнтру, а атрыманыя сродкі выкарыстоўваў на асабістыя патрэбы: пагашэнне крэдытаў, аплату камунальных паслуг.

komkur.info

Ім было прададзена 6 кароў за 16 тысяч рублёў. Супраць яго распачата пяць крымінальных спраў за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Па словах Лугіна, трое аграрнікаў прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці, у дачыненні да яшчэ аднаго працягваецца расследаванне.

Адміністрацыйныя пакаранні накладзены на трох кіраўнікоў гаспадарак, а яшчэ на пяцярых рыхтуюцца матэрыялы. У суд накіравана сем пазоваў аб кампенсацыі шкоды.