На гарадзішчы Замкавая гара ў Крычаве знаходзіцца не толькі драўляная Свята-Мікалаеўская царква, але і малапрыкметны помнік абарончай архітэктуры, зроблены з цэглы-пальчаткі. На сённяшні час ён у занядбаным стане, патрабуе належнага дагляду спецыялістаў, да таго ж ахоўны статус у яго адсутнічае.
Даволі ўнікальным помнікам на прасторах Магілёўшчыны з’яўляецца цагляная пабудова, што ўваходзіць у комплекс абарончых збудаванняў на Замкавай гары ў Крычаве. На гарадзішчы Замкавая гара няблага захаваўся абарончы вал і фрагменты ўмацаванняў, зробленыя з цэглы-пальчаткі. Аб’ект з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры прыблізна XVI-XVII стагоддзяў эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання.
Гэты помнік ужо “пабіты” часам, хаця яшчэ з дзясятак гадоў таму ўяўляў сябой суцэльную цагляную пабудову. Цяпер жа пад уздзеяннем часу і прыродных ападкаў ён пакрысе развальваецца і патрабуе неадкладнай кансервацыі, а ў далейшым і рэстаўрацыі. На жаль, ніякага ахоўнага статусу збудаванне не мае.
Згодна з гарадскімі легендамі, цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў праз Сож. Помнік згадваецца таксама ў рознай гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя кшталту “Опыт описания Могилевской губернии”.
Нязграбны на першы погляд аб’ект з’яўляецца даволі значным помнікам для Крычава і ўнікальным збудаваннем па ступені захаванасці. На вялікі жаль, уэкскурсійныя маршруты па старому Крычаву гэты аб’ект не ўваходзіць. Калі ж брацца за захаванне помніка, то патрэбна будзе папрацаваць: зрабіць кансервацыю аб’екта, пашукаць інфармацыю пра яго ў гістарычных крыніцах, а магчыма і археалагічна даследаваць.
Фота: mogilev media і з адкрытых крыніц