Рэпрэсіі закранаюць не толькі жывых.
На зносе помніка вядомай беларускай паэткі «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці» настойвае скандальна вядомая гродзенская прарасійская актывістка Вольга Бондарава – паведамляюць СМІ.
Вольга Бондарава лічыць, што помнік парушае Закон Беларусі «аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і прыносіць «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў».
Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш быў усталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве ў 2003 годзе, праўда, без ўзгаднення з гарадской адміністрацыяй, але з атрыманнем блаславення царквы.
Знесці помнік ужо пагадзіліся начальнік упраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка і намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкаму па ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.
У лістападзе 2022 года блогерка з Гродна Вольга Бондарава звярнула ўвагу на прыватны музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах. Бюсты знакамітых беларусаў, устаноўленыя перад будынкам, яна назвала «русаненавісніцкай і пранацысцкай экспазыцыяй» – і паскардзілася раённаму ідэолагу. Сярод іншых быў зняты і бюст Ларысы Геніюш.
Ларыса Геніюш (1910–1983), беларуская паэтэса, празаік, грамадскі дзеяч. Працавала Генеральным сакратаром ураду БНР. Была рэпрэсаваная і ўтрымліваліся ў савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве, нягледзячы на нагляд КДБ, прыцягваў літаратараў, мастакоў, навукоўцаў. Яна – аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў пра ГУЛАГ. На яе вершы напісаны песні.