Ва ўпартай барацьбе ны абыйшлі клічаўскіх і кіраўскіх пенсіянераў.
На Кіраўшчыне прайшло спаборніцтва “Планета спорту” для грамадзян сталага ўзросту – піша газета “Кіравец”. Жыхары Быхаўскага, Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў спаборнічалі ў рамках рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце-2030”.
На базе трэнажорнай залы “Геркулес” фізкультурнікі паважанага ўзросту трох суседніх раёнаў спаборнічалі ў дартсе, у набіванні тэніснага мяча, эстафеце пажарных-выратавальнікаў, конкурсе на спрыт “Лавіся рыбка”. Узроставыя “спартсмены” дэманстравалі сваё майстэрства і ў іншых спартовых дысцыплінах.
Трэба адзначыць, што спаборнічалі не проста грамадзяне пажылога ўзросту, а тыя, хто наведвае аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Як сведчыць фотастаронка газеты “Кіравец”, у зале панавала атмасфера пазітыву, радасці і здаровага спартыўнага суперніцтва. Нягледзячы на шаноўны ўзрост усе фізкультурнікі імкнуліся даказаць, што менавіта яны мацней і кемлівей за іншых.
Дыпломам 1 ступені і каштоўнымі падарункамі была адзначана каманда Быхаўскага ЦСАН, 2-е месца заваявалі кіраўчане, 3-е – на рахунку каманды з Клічава. Пры гэтым кожная з каманд перамагла хаця б у адной дысцыпліне.
Галоўны вынік спартакіады – добры настрой і незабыўныя ўражанні. Завяршылася мерапрыемства сяброўскім чаяваннем.