Ён быў апошнім генеральным сакратаром ЦК КПСС і першым ды апошнім прэзідэнтам СССР.
Міхаіл Гарбачоў памёр увечары 30 жніўня на 92-м годзе жыцця пасля цяжкай і працяглай хваробы ў Цэнтральнай клінічнай больніцы Масквы.
Гарбачоў узначаліў КПСС у 1985, стаўшы самым маладым сябрам Палітбюро. Яму было 54 гады.
Неўзабаве быў абвешчаны курс на галоснасць і «перабудову» («перестройка»). Гэта была спроба рэфармавання савецкай сістэмы. «Перестройка» фактычна прывяла да свабоды слова і прэсы, а пасля – да ўзнікнення парламентарызму і краху СССР у 1991 годзе.
На міжнароднай арэне Гарбачоў узяў курс на скарачэнне ядзерных узбраенняў і зніжэнне напружанасці ў адносінах з ЗША і NATO.
У лютым 1990 года Гарбачова абралі прэзідэнтам СССР.
У жніўні 1991 года група партыйных функцыянераў спрабавала адхіліць Гарбачова ад улады. Было абвешчана стварэнне Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы (ГКЧП). Путч не падтрымала грамадства і ён праваліўся.
Гарбачоў склаў з сябе прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў снежні 1991 года, калі лідары Расіі, Украіны і Беларусі, якія ўжо абвясцілі незалежнасць, падпісалі Белавежскае пагадненне аб ліквідацыі СССР і стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў.
Па сыходзе з палітыкі Гарбачоў стварыў і ўзначальваў «Горбачёв-фонд», які займаецца даследаваннем праблем расійскай і сусветнай гісторыі.