Са сваёй праблемай бацькі пасёлка Буйнічы пад Магілёвам вымушаныя былі прыйсці на асабісты прыём старшыні аблвыканкама. Жыхары аграгарадка расказалі Анатолю Ісачанка, што ў красавіку гэтага года яны засталіся без дзіцячага садка. Будынак 1951 года пабудовы (на фота) не вытрымаў рамонтных работ – падчас правядзення рэканструкцыі яго сцены проста абрынуліся.
Бацькам пасёлка, што вадзілі сваіх дзетак у дзіцячы садок №1, было прапанавана цяпер вазіць іх у Мяжысеткі, дзе таксама функцыянуе садок. Яшчэ адзін садок ёсць і ў Буйнічах, №2, але вольных месцаў у ім ужо няма.
У Мяжысеткі для бацькоў арганізаваны падвоз дзетак, але адлегласць туды – 20 кіламетраў. Не заўсёды можна скарыстацца падвозам, не ва ўсіх ёсць уласныя аўтамабілі, і наогул, гэта зусім не крокавая дасягальнасць – патлумачылі сваю праблему заяўнікі.
Ад буйніцкіх бацькоў на прыёме прагучала прапанова працягнуць рэканструкцыю дзіцячага садка №1, альбо выдзеліць памяшканні агралесатэхнічнага каледжа пад гэтыя функцыі.
Словы пра патрэбу, каб садок быў у крокавай дасягальнасці Анатоль Ісачанка, выглядае, што праігнараваў – прапанаваўшы бацькам вазіць дзетак калі не ў Мяжысеткі, дык у Магілёў. Але паабяцаў, што руіны былога садка яшчэ паспрабуюць вывучаць на магчымасць аднаўлення: “У сітуацыі трэба разабрацца: зробім экспертызу, выдадзім заключэнне, правядзём праверку, ацэнім аб’ект і нашы магчымасці” – перадае яго песімістычныя словы “Прыдняпроўская ніва”.
Фота: Yandex панарамы