Пад Касцюковічамі згарэла царква, а цяпер гібеюць касцёл і бровар пачатку ХХ стагоддзя

Пад Касцюковічамі згарэла царква, а цяпер гібеюць касцёл і бровар пачатку ХХ стагоддзя

Драўляная царква другой паловы ХІХ стагоддзя згарэла, а касцёл з броварам закінуты і разбураюцца ў вёсцы Канічы Касцюковіцкага раёна

Вёска Канічы была адметнай сваёй багатай архітэктурнай спадчынай: касцёлам, царквай і броварам. Яшчэ некалькі год таму ў Канічах знаходзілася закінутая драўляная царква Раства Багародзіцы, пабудаваная на пачатку 1860-х гг. Нягледзячы на тое, што драўляная царква была разбурана і паступова ператваралася ў руіны, яе было магчыма захаваць як помнік драўлянай архітэктуты (на загалоўным фота). Цяпер гэта ўжо немагчыма, бо царква ў 2019 годзе згарэла дашчэнту.

Яшчэ адным помнікам культавай архітэктуры Канічаў з’яўляецца касцёл Святых Анёлаў Ахоўнікаў, які быў пабудаваны ў 1910 годзе. За савецкім часам храм спрабавалі зруйнаваць, вырываючы кавалкі сценаў з дапамогай трактароў, але цалкам знішчыць будынак не атрымалася – разбуранымі апынуліся толькі дзве калоны пры ўваходзе. Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры неараманскага стылю. На сённяшні момант ён закінуты і пакрысе разбураецца пад уздзеяннем часу.

Ад шляхецкага роду Цеханавецкіх, якія некалі валодалі Канічамі, застаўся толькі бровар з чырвонай цэглы, які знаходзіцца амаль пасярод вёскі. Пабудаваны ён быў у 1913 годзе. На сёння яго тэрыторыя парасла дрэвамі і кустоўем. Сярод усіх мясцовых архітэктурных помнікаў мінуўшчыны ён найлепш захаваўся. 

Дарэчы, Канічы – гэта даўняе мястэчка гістарычнай Мсціслаўшчыны, колішняе ўладанне беларускага магнацкага рода Цеханавецкіх. Паселішча згадваецца ў гістарычных крыніцах з пачатку XVI стагоддзя. 

Фота з адкрытых крыніц