Не вывезенае смецце, у няскошанай траве пусткі. Клімавічы вачыма санэпідэмстанцыі

Цэнтральныя часткі такіх гарадоў, як Клімавічы, дагледжаныя да бляску. Крок у бок і трапляеш у іншы свет. Яго пабачылі супрацоўнікі Клімавіцкага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі. Яны бэсцяць нядбайных гараджанаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў за псаванне вобразу прыбранага гораду.

«Адразу адзначу, што выяўленыя факты парушэнняў у вочы кідаліся адразу. А ўсё таму, што на фоне добрага ці практычна ідэальнага тое, што не адпавядае неабходным стандартам, рэзка выбіваецца з роўнага шэрагу», – каментуе ўбачанае мясцовай раёнцы «Родная ніва» кіраўніца службы Ірына Лазоўская.

rodniva.by

«Ідзем па вуліцы Янкі Купалы, адзначаем, што ўсе прыдамавыя тэрыторыі абкошаны, вакол прыгажосць, у кветніках кветкі цешаць вока мінакоў, – апавядае яна. – Як гаворыцца, што ўсё так выдатна, што нават прычапіцца няма да чаго – і раптам бачым невялікі астравок зямлі, зарослы травой, а пасярэдзіне – яго студня».

На адной з вуліц некалі стаяла гарадская лазня. Яе знеслі.

«А цяпер тут каласіцца бур’ян у рост чалавека», – падае абурэнне Лазоўскай выданне райвыканкаму.

rodniva.by

Заяўляецца, што па ўсіх выяўленых парушэннях санітарнай службай кіраўнікам арганізацыяў дасланыя рэкамендацыйныя лісты з указаннем тэрмінаў іх устаранення. Калі тое не будзе зроблена то будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.