Работы знакамітага ўраджэнца вёскі Леніно Горацкага раёна знайшоў і перадаў у музей пляменнік мастака.
Якаў Сімкін нарадзіўся ў вёсцы Леніно Горацкага раёна ў 1921 годзе. Прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну, а ў сталым узросце заняўся жывапісам. Ён не атрымаў прафесійнай адукацыі, але заняткі ў вучня Казіміра Малевіча М. Хазанава далі яму дастатковы досвед, каб дасягнуць прызнання. У 1969 годзе ён стаў сябрам Саюза мастакоў СССР, быў удзельнікам шматлікіх персанальных і ўсесаюзных выставаў. Мастацтвазнаўцы адзначалі, што галоўным у працы мастака з’яўляецца духоўнасць, прыгажосць навакольнага свету і асаблівае колерабачанне і таму называлі Я. Сімкіна “цветаносным” мастаком.
8 работ мастака – сем малюнкаў і адна жывапісная карціна – былі перададзены ў Горацкі музей пляменнікам мастака Леанідам Сімкіным, які пражывае ў Ізраілі. Ён знайшоў гэтыя працы ў сваіх далёкіх сваякоў у Маскве. Паведамляецца, што перадачы карцін у музей паспрыяў іншы вядомы ўраджэнец Горак – Уладзімір Ліўшыц.
Фота: “Горацкі веснік”