Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.
Мікалаеў, Украіна
Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
6 ліпеня Мікалаеўская вобласць апынулася пад інтэнсіўным ракетным абстрэлам. Атакаваныя дзясяткі тутэйшых паселішчаў. Адно з іх Шырокаўская грамада.
inshe.tv
Інфармацыйнае агенцтва «Інше.ТВ» апублікавала фотаздымкі, як выглядае вёска пасля расійскага нападу.
«У такіх грамадах застаецца шмат жыхароў – людзей, якія наадрэз адмаўляюцца з’язджаць. Але калі чуеш ад іх: «Усе мы чакаем вызвалення Снягіроўкі, Новапятроўкі і, вядома ж, усёй Украіны», – гэта натхняе!», – камэнтуе сытуацыю кіраўнік Мікалаеўскага аблсавету Ганна Замазеева.
inshe.tv
Камунальную тэхніку, якая выкарыстоўваецца ў будаўніцтве фартыфікацыйных збудаванняў і разборцы завалаў пасля бамбавання, перадала Мікалаеву арганізацыя ULEAD with Europe.
niknews.mk.ua
Мікалаеўскія камунальнікі дзякуючы ёй разжыліся сучасным пагрузчыкам, 10 генератарамі і 20 бензапіламі, паведамляе выданне «Николаевские новости».
За час поўнамаштабнай вайны арганізацыя актыўна падтрымлівае ўкраінскія грамады.
Нямецкі Дортмунт перадаў Мікалаеву 10 пасажырскіх і грузапасажырскіх мікрааўтобусаў. Іх размяркуюць па камунальных прадпрыемствах гораду.
i.lb.ua
З гэтага нямецкага гораду ў прыфрантавы Мікалаеў даставілі тэхніку для рамонту дарог і тратуараў, паведаміў мэр Мікалаева Аляксандр Сяньковіч.
У Мікалаеве прывязалі да слупа крамнага злодзея.
korabelov.info
Фота з экзекуцыяй разыходзіцца па сацыяльных сетках. Паведамляецца, што мужчына спрабаваў скрасці ў краме піва, піша выданне «Корабелов.инфо».
Клайпеда, Літва
8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Урад Літвы адобрыў перадачу Украіне ваеннага беспілотніка « Байрактар » і ўзбраення, набытых на ахвяраванні грамадзян краіны.
Украінскай арміі перададуць беспілотнік і 25 ракет класа «паветра-зямля»: пяць з іх дастаўляць разам дронам. Яшчэ 20 ракет коштам 1,5 млн еўра ўкраінцы атрымаюць дадаткова, паведамляе агенцтва Delfi.
g3.dcdn.lt
Беспілотнік ацэньваецца ў 4,4 млн еўра, а ўсё ўзбраенне – амаль у 6,3 млн еўра. Дагавор з украінскім войскам аб перадачы маёмасці заключыць Міністэрства абароны.
Турэцкая кампанія па вытворчасці беспілотнікаў «Baykar» вырашыла перадаць беспілотнік пасля таго, як жыхары Літвы сабралі 5, 9 млн еўра Украіне.
Даўгаўпілс, Латвія
Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.
У Даўгаўпілсе разгараецца скандал, у якім замешаны мэр Андрэй Элксніньш. Ён разам з іншымі кіраўнікамі гораду адзначаў афіцыйны Дзень незалежнасці Беларусі на закрытай імпрэзе ў адным з мясцовых рэстаранаў.
Арганізавала імпрэзу генеральнае консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе, піша выданьне “Chayka”.
«Як мэр гораду, я паважаю ўсе структуры, юрыдычныя або прыватныя, якія ў нашым горадзе працуюць і аказваюць для нашых жыхароў пэўнага роду паслугі, у дадзенай сітуацыі – консульскія, і я ніяк не магу ігнараваць, што на тэрыторыі самакіравання дадзены субʼект існуе. Мой візіт сюды непасрэдна звязаны з тым, што ў Даўгаўпілсе працуе беларускае консульства», – тлумачыў выданню сваю прысутнасць на імпрэзе Андрэй Элксніньш.
chayka.lv
Прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Солвіта Марцінсанэ, адзначае, што Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе мае права адзначаць святы. Аднак «латвійскія службовыя асобы павінны старанна ацэньваць свой удзел у такіх мерапрыемствах, улічваючы нелегітымныя выбары Лукашэнкі, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, гібрыдную атаку на мяжы Латвіі, а таксама агрэсію Расіі ва Украіне», кажа ўрадоўка.
У Службе дзяржбяспекі Латвіі лічаць, што ў існуючай геапалітычнай сітуацыі ўдзел службовых асоб самакіравання ў мерапрыемствах, якія праводзяцца агрэсарам – Расіяй, а таксама яе саюзнікам Беларуссю не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі.
«Такі ўчынак супярэчыць пазіцыі дзяржавы, якая асуджае агрэсію Расіі супраць Украіны і яе жыхароў, а таксама не садзейнічае згуртаванню латвійскага грамадства ў гэтых складаных абставінах», кажуць у Службе дзяржаўнай бяспекі.
Сынжэрэй, Молдова
Горад пабрацім Асіповічаў. Месціцца за 25 кіламетраў ад гораду Бельцы. Насельніцтва 15 тысяч чалавек. У Малдове цягам двух дзён было атрымана больш за 50 паведамленняў аб пагрозах выбыхоў у адміністрацыйных будынках і публічных месцах.
У Малдове цягам двух дзён было атрымана больш за 50 паведамленьняў аб пагрозах выбухаў у адміністрацыйных будынках і публічных месцах.
Міністр унутраных спраў Ана Рэвенка заявіла, што мэта папярэджанняў аб бомбах стварэнне панікі ў грамадстве з улікам вайны ў суседняй Украіне.
Урадоўка адзначые, што колькасць паведамленняў, якія, як устаноўлена, аказаліся ілжывымі, была беспрэцэдэнтнай.
diez.md
«Нам удалося мабілізаваць усе структуры, падпарадкаваныя МУС, і эвакуяваць усіх грамадзян, якія знаходзіліся ў гэтых памяшканнях», – падае словы Міністра выданне Diez.
Па яе словах зламыснікі маглі выкарыстоўваць людзей, якія не ўяўлялі, да якіх наступстваў гэта можа прывесці.
Ана Рэвенка разлічвае, што парламент краіны скарэктуе з улікам таго, што адбылося заканадаўства, каб адпаведныя органы маглі адпаведным чынам рэагаваць на «нетыповыя» выклікі.