Гэтай ноччу над Мікалаеўскай вобласцю сіламі і сродкамі СПА паветранага камандавання “Поўдзень” збілі 10 ударных беспілотнікаў-камікадзэ “Shahed-136” іранскай вытворчасці, гаворыцца ў паведамленні Укрінформ.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Усяго за мінулыя суткі падраздзяленні ЗСУ выканалі 220 ракетна-артылерыйскіх заданняў.
Паведамляецца, што ў выніку варожых абстрэлаў аднаго з прыгарадных населеных пунктаў Мікалаеўскай вобласці загінуў адзін чалавек і адзін атрымаў аскепкавыя раненні. Пашкоджаны электрасетка, газаправод. Частка населенага пункта засталася без святла і газу.
У выніку абстрэлаў Мікалаева, горад і шэраг паселішчаў вобласці суботнюю раніцу 22 кастрычніка пачалі без электрычнасці. Месцамі парушана работа водазабеспячэння і каналізацыі.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
фота: novosti-n.org