Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхлебапрадукт» – кіруючая кампанія холдынгу Магілёўхлебапрадукт просіць Эканамічны суд Магілёўскай вобласці прызнаць яго неплацежаздольным. Заяву аб банкруцтве разгледзяць 6 чэрвеня. Пра гэта акцыянерам паведаміў старшыня ліквідацыйнай камісіі Аляксандр Кушнер. Падпісаны ім загад трапіў нашаму выданню.
Арганізацыя, якая займаецца вытворчасцю мукі, хлебапрадуктаў, гатовых кармоў і кармавых дабавак, а таксама гуртавым гандлем, ад лістапада 2021 году знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. Яе доўг сягае 46 тысяч далараў.
У 2018 годзе «Магілёўхлебапрадукт» разам з іншымі прадпрыемствамі адзначаўся Магілёўскім аблвыканкамам як паспяховы прыклад развіцця буйных інтэграцыйных фармаванняў, якія аб’ядноўваюць вытворчасць сельскагаспадарчай сыравіны, перапрацоўку і збыт гатовай прадукцыі.
Праз год, у 2019-ым, «Магілёўхлебапрадукт» трапіў у спіс арганізацыяў, якія не выканалі абавязкі перад бюджэтам. Тады такіх прадпрыемстваў па Беларусь набралася 400.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхлебапрадукт» – кіруючая кампанія холдынгу Магілёўхлебапрадукт створанае 17 снежня 1998 году. У склад холдынгу ўваходзяць прадпрыемствы з Чэрыкаўскага, Магілёўскага раёнаў, а таксама з Горак, Бабруйску і Клімавічаў.