Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.
Ірына Прыгава
Асуджаная на 1,5 гады калоніяў агульнага рэжыму.
57-гадовую жанчыну звінавацілі ў развешванні бел-чырвона-белых стужак і нанясенні антываенных надпісаў, якія, як сцвярджала следства, яна наносіла на сценах дамоў алоўкам. Акрамя таго ў «абразе прэзідэнта» і «хуліганстве».
Працэс праходзіў у судзе Берасцейскага раёну пад старшынствам суддзі Таццяны Лаўранюк.
Іван Супрунчык
Асуджаны на пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Паводле праваабаронцаў, нагодаю для крымінальнага пераследу стала, нібыта, перадаванне «дэструктыўнаму» тэлеграм-каналу дадзеных пра сваяка міліцыянта.
Судзілі Супрунчыка ў Мінскім абласным судзе, дзе прызналі вінаватым у «падрыхтоўцы да злачынства», «распальванні расавай, нацыянальнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы», «незаконных дзеяннях з інфармацыяй аб асабістым жыцці і асабістых дадзеных».
Старшыняваў на працэсе суддзя Анатоль Дабрадзей.
Яўген Радкевіч і Фёдар Саўцін
Асуджаныя на тры гады абмежавання волі, з адбываннем «пакарання» у калоніях адкрытага тыпу, паведамляюць праваабаронцы.
Нагодай для крымінальнага пераследу стаў іх удзел у пратэстах 2020 году.
Суддзя Савецкага раёна Мінска Вольга Емельянчанка прызнала абодвух вінаватымі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».
Эдуард Пальчыс
Зарабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання, перавёўшы яго з калоніі ў турму.
Пра тое стала вядома ад жонкі асуджанага.
«Суд быў 5 хвілін па скайпе» – паведаміла яна пра працэс.
Паводле яе, мужа будуць утрымліваць у Магілёўскай турме №4.
Эдуард Пальчыс прызнаны праваабарончай супольнасцю палітзняволеным. Яго асудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Ён абвінавачаны паводле чатырох артыкулаў крымінальнага кодэксу. Сярод якіх традыцыйныя для палітычных працэсаў «арганізацыя масавых беспарадкаў» і «распальванне варожасці ці варажнечы».
Марфа Рабкова
Праваабаронцу ўтрымліваюць у няволі 23 месяцы.
Каардынатарку Валанцёрскай службы «Вясны» затрымалі 17 верасня 2020 года і інкрымінуюць больш за дзясятак артыкулаў Крымінальнага кодэксу за падзеі 2016-2020 гадоў. Сярод іх удзел у масавых беспарадках, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, стварэнне злачыннай арганізацыі або кіраўніцтва ёй. Ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.
Суд над Марфай і яшчэ 9 палітвязнямі пачаўся 25 красавіка, аднак у той жа дзень яго зрабілі закрытым. Яе калегі дапускаюць, што цяпер адбываюцца спрэчкі бакоў і неўзабаве можа быць абвешчана прысуд.