Пратэсты ў Грузіі, якія працягваліся два дні, прывялі да перамогі мітынгоўцаў. Кіруючыя партыі краіны выступілі з афіцыйнай заявай пра адкліканне скандальнага законапраекта – паведамляе партал “Навіны Грузіі”.
Парламенцкая большасць раніцай 9 сакавіка аб’явіла, што адклікае з парламента законапраект аб “іншаагентах”, які выклікаў хвалю акцый пратэсту ў краіне і сур’ёзную занепакоенасць заходніх партнёраў.
“Мы прынялі рашэнне безумоўна адклікаць падтрыманы намі раней законапраект без якіх-небудзь агаворак” – гаворыцца ў сумеснай заяве кіруючай партыі і руху “Сіла народа”, які ініцыяваў прыняцце закона.
Аўтары заявы пішуць, што рашэнне прынятае з мэтай захавання міру ў краіне. Яны адзначаюць, што законапраект выклікаў рознагалоссі ў грамадстве з-за працы “машыны хлусні” і яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўлена як адыход ад еўрапейскага курса.
Фота: РИА Новости