Нованароджаная дзяўчынка з Магілёва на працягу першых дзён жыцця мела сымптомы хваробы, якую медыкі не маглі дыягнаставаць. Станоўчы тэст на каранавірус агаломшыў – мала хто чакаў, што немаўлятка можа захварэць на яго.
Цяпер ёй дзесяць месяцаў. Яна праходзіць далейшае лекаванне ў хатніх умовах, і паступова адужвае. Невялічкімі порцыямі ежу можа спажываць самастойна.
Пра хваробу і адужанне дзяўчынкі, пісаў раней Магілёў.media.
Як дазналася выданне з крыніц у медыцынскіх структурах, цяжкасці з лекаваннем дзяўчынкі найперш заключаліся ў тым, што было вельмі цяжка падключыць маленькую хворую да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх з-за мізэрных памераў яе дыхальных шляхоў. У той жа час абследаванне паказала 30-працэнтнае паражэнне лёгкіх.
Яшчэ адной складанасцю для медыкаў стала кармленне дзяўчынкі. Падключаная да апарата з кіслародам, яна не магла карміцца натуральным чынам, пагэтаму медыкі выкарыстоўвалі зонд. Гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што нованароджаная магла не засвоіць глытальны рэфлекс.
Магілёўскія медыкі звярнуліся па дапамогу да мінскіх калег, і дзяўчынка была перавезеная ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай хірургіі. Там яна атрымала кваліфікаванае лячэнне, і ўжо ў снежні 2021 года яе ўдалося вылекаваць ад каранавіруса.
Мінскія медыкі ўлічылі пагрозу для будучага паўнавартаснага жыцця немаўляткі, чаго не ўлічылі магілёўскія – для фарміравання глытальнага рэфлекса, падчас рэабілітацыі ёй спалучалі кармленне праз зонд з натуральным кармленнем. Пакрысе, у дзяўчынкі стаў паяўляцца адпаведны рэфлекс.
Затрымка ў магілёўскай лякарні, як выявілася, магла прывесці да таго, што рэфлекс так і не быў бы засвоены арганізмам. Іншых наступстваў хвароба не пакінула – неўралагічна і фізічна яна па сваім стане здароўя не выклікае хваляванняў у медыкаў.