Дзень у гісторыі. Дзень памяці Максіма Багдановіча

25 мая – Міжнародны дзень зніклых дзяцей. Адзначаецца ад 1983 году.


25 мая 5493 да нашай эры – Александрыйская храналогія лічыла дату днём стварэння свету 


25 мая 1880 года нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі (1880-1943), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук, заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі, стваральнік пецярбургскай беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі.


25 мая 1907 года ў Вільні адбыўся з’езд настаўнікаў, на якім быў створаны Беларускі настаўніцкі саюз. Ва ўмовах рэакцыі пасля паражэння рэвалюцыі 1905-1907 гадоў саюз не змог разгарнуць шырокую дзейнасць і спыніў існаванне.

Ставіў мэту рэарганізацыю сістэмы асветы на шырокіх дэмакратычных асновах для ўздыму грамадзянскай самасвядомасці і культуры народу. Выступаў за свецкі характар асветы; адмену саслоўных, нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў у сферы адукацыі, таксама перавод пачатковага навучання на беларускую мову паляпшэнне матэрыяльнага і культурнага становішча настаўнікаў.


25 мая 1917 года памёр Максім Багдановіч (1891-1917), беларускі паэт, літаратуразнавец, перакладчык, класік беларускай літаратуры.

Яго спадчына ўвайшла ў залаты фонд беларускай культуры. Упершыню пачаў гаварыць па беларуску ў 1895 г. у вёсцы Вяззе (цяпер – Асіповіцкі раён), гасцюючы ў сваякоў. На доме сваякоў, у якім цяпер месціцца спартовая база, усталяваная шыльда.

Памёр Максім Багдановіч у Ялце, куды паехаў лячыцца ад сухотаў. Пахаваны там жа. У 1924 годзе на ягонай магіле паставілі помнік з чатырма радкамі з верша паэта «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…».

У 2003 годзе стары помнік замянілі на новы. У 1980-х гадах уздымалася пытанне пераносу парэшткаў паэта з Ялты ў Мінск, але ініцыятары не атрымалі афіцыйнага адказу.

Музеі Багдановіча ёсьць у Мінску, Гродне, Яраслаўлі, імя паэта носяць вуліцы ва ўсіх абласных цэнтрах і буйных гарадах Беларусі, а таксама ў Расіі – Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі і ўкраінскай Ялце.

Ягоным імем названыя школы і бібліятэкі ў Беларусі.

У 1991 годзе імя Максіма Багдановіча ўнесена ў каляндарны спіс ЮНЕСКА «Гадавіны выдатных асоб і падзей».


25 мая 1937 года нарадзіўся Сяргей Сідор (1937–1998), вучоны, педагог,

Часта яго называюць «Смоліч» геаграфіі 1990-х гадах, бо ягонымі намаганнямі, геаграфія Беларусі стала вывучацца ў школах як асобны прадмет на працягу года. Раней геаграфія краіны асобна не вывучалася, хаця падручнікі былі.

У 1971–1974 гадах працаваў на кафедры эканамічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытуту.


25 мая 1991 года ў Мінску пачаўся I Міжнародны кангрэс беларусістаў (25-27 мая). Апошні, шосты, кангрэс працаваў 27-29 мая 2015 года.

Правядзенне кангрэсаў заклікана было садзейнічаць развіццю беларусістычных даследаванняў у галіне гуманітарных і сацыяльных навук, спрыяць выкладанню беларусазнаўчых дысцыплін за межамі Беларусі і палягчаць міжнароднае супрацоўніцтва паміж даследчыкамі ў свеце.


25 мая 1992 года ў Беларусі ўведзена нацыянальная валюта – беларускі рубель. У народзе атрымала назву «зайчык».

Уведзены былі купюры наміналам ад 50 капеек да 50 рублёў. Наміналы 100, 200 і 500 з’явіліся толькі ў снежні. Курс: 1 беларускі рубель = 10 савецкіх

Народны паэт Ніл Гілевіч са сваімі паплечнікамі адстойваў гістарычную назву для валюты – талер.


25 мая 1970 года памёр Мікола Абрамчык (1903-1970), беларускі грамадкі і палітычны дзеяч, публіцыст, інжынер, Прэзідэнт Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1947-1970). Пахаваны могілках Пер-Лашэз у Парыжы.

Ад 15 жніўня 1945 быў старшынём Беларускага нацыянальнага цэнтру. У снежні 1947 году афіцыйна аднавіў і ўзначаліў Раду БНР. Мікола Абрамчык быў праціўнікам пераходу беларускіх епіскапаў пад уладу Рускай праваслаўнай царквы за мяжой і адным з ініцыятараў адраджэння Беларускай аўтакефальнай царквы.


25 мая 1987 года памёр Аўген Калубовіч (1910-1987), беларускі гісторык, палітычны дзеяч, дзеяч эміграцыі ў ЗША настаўнік. Рэпрэсаваны ў 1930 г. па справе моладзевай «Беларускай Арганізацыі Альтруістых». У 1948-1953 гг. узначальваў Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні.

Дзеяч беларускай дыяспары. Аўтар успамінаў пра палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас. 1882–1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982). Даследаваў гісторыю Беларусі XX стагоддзі. Аўтар прац «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», «Айцы БССР і іхны лёс», успамінаў «На крыжавой дарозе».


25 мая 2000 года пасля спектаклю «Жартаўлівы Пісарэвіч» магілёўскага народнага тэатру «Валянцін»,  адбылася сустрэча мясцовай інтэлігенцыі з акадэмікам Радзімам Гарэцкім – сынам акадэміка Гаўрылы Гарэцкага (1900-1988), пляменніка пісьменніка і літаратара і грамадскага дзеяча Максіма Гарэцкага.

Тэатр Валянцін быў тады асяродкам, гуртавання дэмакратычнай інтэлігенцыі. Пасля спектакляў абмяркоўваліся праблемы культурнага жыцця з удзелам запрошаных вядомых асобаў.

Кіраўніком тэатры быў франтавік, грамадскі дзеяч і брат гісторыка Міколы Ермаловіча – Валянцін Ермаловіч. На доме, дзё ён жыў у Магілёве, усталяваная памятная шыльда. (на фота Валянцін Ермаловіч). 


25 мая 1997 года ў Магілёве адкрыта тралейбусная лінія ад чыгуначнага вакзалу да заводу «Магілёўтрансмаш». А 10 гадоў назад, у 2012 г., агучваліся планы па будаўніцтву лініі да абласной больніцы. Намеры не рэалізаваныя.

Цяпер працягласць 5-ці тралейбусных маршрутаў складае 179,5 км; на іх 139 прыпынкаў. У горадзе працуе 107 тралейбусаў і 3 электробуса. 69,1% машын маюць тэрмін эксплуатацыі больш за 10 гадоў.