Міжнародны дзень прыгажосці.
Адзначаецца з 1995 году з ініцыятывы Міжнароднага камітэту эстэтыкі і касметалогіі СІДЭСКА.
У 1946 годзе касметолагі і эксперты прыгажосці вырашылі абʼяднацца ў сусветную арганізацыю, якая б давала рады праблемам і ставіла задачы ўкаранення распрацовак касметалогіі. Так зʼявіўся камітэт СІДЭСКА.
У 1995 годзе арганізацыя пастанавіла адзначаць Сусветны дзень прыгажосці 9 верасня.
1776 год. Абʼяднаныя калоніі Амерыкі перайменавалі ў ЗША.
Кантынентальны кангрэс зацвердзіў новую назву краіны.
У Дэкларацыі Незалежнасці ўпершыню была выкарыстана назва «Злучаныя Штаты».
Лічыцца, што ідэя была прапанавана Томасам Пэйнам, грамадскім і палітычным дзеячам ЗША і Вялікай Брытаніі. Такая форма і карацейшая – «Штаты» – ужываліся ў пратаколах Кантынентальнага кангрэса.
1863 год. Расстраляны Ігнат Будзіловіч.
Удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў.
Разам з Людвікам Звяждоўскім арганізоўваў паўстанцкія атрады на Магілёўшчыне.
Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч узначаліў аршанскі атрад.
У канцы красавіка 1863 году атрад быў разбіты расійскімі войскамі, а камандзір быў арыштаваны. Расстралялі яго ў Воршы.
1917 год. Памёр Ігнат Буйніцкі.
Беларускі актор, рэжысёр, тэатральны дзеяч, дудар.
Заснавальнік беларускага прафесійнага тэатру, удзельнік літаратурнага жыцця, «Першай беларускай вечарынкі ў Вільні», заснавальнік «Першай беларускай трупы» або «Тэатру Ігната Буйніцкага», з якім гастраляваў па Беларусі, у Пецярбургу, Варшаве.
Ініцыятар стварэння прафесійнага тэатру ў Мінску.
У гонар Буйніцкага названы вуліцы ў Мінску, Маладзечне, Глыбокім.
1918 год. Адкрыты беларускія настаўніцкія курсы.
У Мінску іх стварыў Сакратарыят асветы Беларускай Народнай Рэспублікі. Працавалі да 15 мая 1919.
Рыхтавалі настаўнікаў для беларускіх пачатковых школ.
3 замацаваннем савецкай улады і абвяшчэннем БССР перайшлі пад кіраванне Народнага камісарыяту асветы. Рэарганізаваныя ў 1-я Мінскія беларускія педагагічныя курсы пры Мінскім Беларускім педагагічным інстытуце.
1958 год. Нарадзілася Міра Лукша.
Беларуская пісьменніца.
Працуе ў беларускім тыднёвіку «Ніва», што выдаецца ў Польшчы. Член Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Аўтар кніг прозы, паэзіі – філасофскі роздум над лёсам беларускай вёскі, пра яе сучасныя праблемы і хваляванні, аб сакавітай народнай мове
1961 год. Нарадзіўся Андрэй Вядзернікаў.
Каратыст, заснавальнік і кіраўнік International karate association of Belarus.
Майстар баявых мастацтваў, інструктар Беларускага Савету «Дынама».
У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў