Смяротнае ДТЗ у Магілёве і затрыманні злодзеяў – узгадаем асноўныя падзеі за мінулыя суткі.
36-гадовая жанчына стала ахвярай наезду аўтамабіля на пешаходным пераходзе ў абласным цэнтры. Як паведамляе прэс-служба магілёўскага УУС, 11 ліпеня ў 15.45 гадзін на скрыжаванні вуліц Крупскай і Бялінскага, пры непрацуючым – з-за пашкоджання кабеля – светлафоры жанчына пераходзіла праезжую частку.
Для таго, каб яе прапусціць, у крайняй левай паласе спыніўся мікрааўтобус Renault. Па суседняй справа паласе, не зніжаючы хуткасць, ехаў аўтамабіль Renault Laguna. Каб звярнуць увагу кіроўцы легкавіка на пешахода, вадзіцель мікрааўтобуса пачаў сігналіць, аднак гэта не прадухіліла трагедыі. Ад атрыманых траўм жанчына сканала на месцы аварыі.
Як стала вядома з паведамлення УУС Магілёўскага аблвыканкама, 11 ліпеня быў затрыманы магілёвец, падазраваны ў крадзяжы бензарэза ў свах былых калегаў. 58-мі гадовы мужчына знаходзіўся на тэрыторыі будаўнічай арганізацыі, у якой раней працаваў. Калі супрацоўнікі ўстановы адышлі на перакур, ён сцягнуў будаўнічы інструмент, коштам каля 2 000 рублёў, і знік. Інструмент затым быў перапрададзены, але праваахоўнікам удалося ўстанавіць асобу і затрымаць злодзея.
11 ліпеня стала вядома пра затрыманне ў Магілёве кампаніі з чатырох чалавек – раней асуджаных мужчыны і трох жанчын. Напярэдадні яны залезлі на падворак у прыватную гаспадарку на вуліцы Урыцкага і скралі металічныя прадметы коштам у 300 рублёў. Пацярпелай аказалася 70-гадовая жыхарка Магілёва. Узбуджана крымінальная справа.